Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лідэры БНФ Зянон Пазьняк і Вінцук Вячорка ўпершыню ў простым эфіры пасьля расколу Фронту.


В.Тарас

Удзельнікі: Зянон Пазьняк (Варшава), Вінцук Вячорка (Менск). (эфір 14.11.1999).

Аўтар і вядучы Віталь Тарас.

Свае погляды на прычыны раколу ў Беларуским Народным Фронце і на будучыню беларускага грамадзтва выказваюць з Варшавы – Зянон Пазьняк і зь Менску – Вінцук Вячорка.

(Тарас: ) "Як магло дайсьці да расколу ў БНФ? Наколькі тое, што здарылася, можна лічыць натуральнай зьявай у палітыцы, і якія, на вашую думку, могуць быць наступствы для беларускага грамадзтва?"

(Пазьняк: ) "Раскол Фронту пачаўся ў 95-м годзе. Менавіта тады ўтварылася ўжо група ў Фронце, і пачаліся дзеяньні па яго расколу – тады, калі былі зьбітыя дэпутаты БНФ у Вярхоўным Савеце ў часе галадоўкі.

Тады гэтага зрабіць не ўдалося. Раскалолі толькі Грамаду. Але тэндэнцыі засталіся, і дзеяньні засталіся. У апошнія два гады, пасьля 97-га году, Фронт практычна быў паралізаваны. Пасьля даволі ўдалай, я лічу, спробы спыніць актыўную інтэграцыю (яна была прыпыненая ў 97-м годзе) задача была рыхтавацца да 99-га году, калі закончыцца кадэнцыя Лукашэнкі. Трэба было праводзіць канцэптуальную палітыку – падрыхтаваць альтэрнатыўныя структуры ўлады, падрыхтаваць мабілізацыю грамадзтва. Для гэтага былі адпаведныя пляны. На жаль, нічога гэтага не ўдалося правесьці, таму што, паўтараю, Фронт быў ужо ў сваёй верхавіне паралізаваны. Адна частка паралізавала другую частку. Нічога не праходзіла, і фактычна гэтая сытуацыя прывяла да таго, што 21-га ліпеня 1999-га году нічога не атрымалася.

Апазыцыя выйшла бездапаможная, абсалютна непадрыхтаваная і поўнасьцю прайграла канец кадэнцыі Лукашэнкі. Той этап, калі эфэктыўныя былі дэманстрацыі ды бойкі на вуліцах – ён ужо скончыўся. Трэба было больш сур'ёзна думаць. І гэтая сытуацыя пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, пасьля правалу гэтай даволі афёрнай кампаніі, прывяла да рэальнга расколу ў Фронце.

У травені я паведаміў на сойме, што на зьезьдзе будуць замененыя ўсе мае намесьнікі, што гэты дыскусійны клюб, як я яго назваў, больш не павінен быць. Пасьля гэтага пачаўся "бунт на караблі".
Так што сытуацыя гэтая падрыхтоўвалася даўно. Яна высьпявала і з унутраных прычнаў, і са зьнешьніх прычынаў, і з пэўных стратэгічных прычынаў. Гэтага можна было чакаць, таму што ў сытуацыі акупацыйнае дыктатуры наіўна было б думаць, што ня будуць змагацца супрцаь галоўнай нацыянальна-вызвольнай сілы.

Таму раскол быў непазьбежны – пасьля прэзыдэнцкіх выбараў гэта ўжо было відавочна. І задача стаяла захаваць адраджэнцкія сілы – і з аднаго, і з другога боку – і не дапусьціць да поўнага развалу. Таму што паводле тэхналёгіі раскол звычайна робіцца ў два этапы: спачатку сам раскол, разьяднаньне, а потым – сутыкненьне.

Дык вось, пакуль гэтую першую апэрацыю з намі праводзілі, трэба было захаваць свае сілы, і, як я прапаноўваў, перавесьці ў новы структурны ўзровень узаемадачыненьні. Правесьці структурную рэформу ў Фронце, каб не давесьці да сутыкненьня, да самападаўленьня – ну, як, напрыклад, на Украіне.

На жаль, зараз сытуацыя складваецца такая, што вельмі верагодны варыянт вось гэтага сутыкненьня й самападаўленьня. І зараз трэба зрабіць усё, каб гэтага не дапусьціць. Але гэта залежыць ад саміх фронтаўцаў – ад абодвух бакоў, у асноўным".

(Вячорка: ) "Я лічыў бы за лепшае гаварыць пра ацэнку сёньняшняй сытуацыі, бліжэйшых і стратэгічных плянаў у нашай барацьбе за адстойваньне незалежнасьці й вяртаньне дэмакратыі, а не капаньне ў тым, што і як адбывалася. Тады прасьцей захаваць канструктыўны тон размовы і ня дапускаць, скажам, супастаўленьняў зьбіцьця рэжымам дэпутатаў у 95-м годзе і нутраных арганізацыйных праблемаў БНФ. Гэта неканструктыўна. Я, ад пачатку, скарэктаваў бы пытаньне.

У БНФ, як руху шырокім, ужо здараліся эпізоды, калі зь яго, зь ягоных нетраў, альбо зь ягонага актыву выходзілі пэўныя групы з пэўнымі, адфарматаванымі палітычнымі нюансамі. Так было, калі Фронт даў пачатак сацыял-дэмакратычнай партыі. Так было, калі пайшла нацыянальна-дэмакратычная партыя. На 6-м зьездзе, на яго першай сэсіі і ў міжсэсійны пэрыяд, і на другой сэсіі мяншыня пастанавіла сфарматавацца як асобны палітычны арганізм.

Гэта нармальна, калі мяншыня выбірае, як ёй дзейнічаць – ці ў межах агульнай структуры ці афармляцца асобна. Адыход мяншыні – я ня думаю, што гэта ёсць раскол. Фронт працягвае сваю працу, сваю дзейнасьць. Прычыны дыскусыі, якая адбывалася ў фронце, прама вынікаюць зь непасьпяховасьці тактыкі, можа быць, ня зусім дакладнай растаноўкі стратэгічных прыярытэтаў.

Нельга таксама замаўчаць тое, што арганізацыйная будова Фронту пачала даваць збоі, пачала пракручвацца ўхаластую. Бальшыня кампаніяў, якія прапаноўваліся, часта бяз абмеркаваньня, Беларускаму Народнаму Фронту, проста не давалі плёну. Яны не былі запатрабаваныя грамадзтвам. Гэта ўсё разам не магло не прывесьці да пэўных арганізацыйна-кадравых зьменаў, якія, як я спадзяюся, павінныя паспрыяць дынамізацыі дзейнасьці Фронту – асабліва цяпер, калі зноў пагроза незалежнасьці стала сур'ёзнай.

Я мяркую, што няма трагедыі ў тым, што частка нашых калегаў афармляецца ў асобную партыю. Тут галоўным інструмэнтам для захаваньня кааліцыйнага пачуцьця, пачуцьця пляча, павінная быць супольная праца, у неабходнасьці якой перакананыя ўсе. І падчас гэтай супольнай працы, я мяркую, будуць пераадоленыя і нейкія суб'ектыўныя крыўды, нейкія непаразуменьні, будуць ухіленыя ўсялякія непатрэбныя ярлыкі, якімі, на жаль, часьцяком, у сілу нашай невысокай пастсавецкай палітычнай культуры, суправаджаюцца такія працэсы.

Тут сапраўды трэба не паўтараць некаторых рухаўскіх промахаў, але ад самага пачатку новай сытуацыі спакойна, пасьлядоўна будаваць на адпаведным узроўні палітычнай культуры стастункі з палітыкамі й палітычнымі структурамі, што вызнаюць супольныя каштоўнасьці – незалежнасць, вяртаньне ў эўрапейскую культурна-цывілізацыйную, эканамічную і ўсякую іншую прастору, нацыянальна-культурнае адраджэньне, дэмакратыя".

(Тарас: ) "Варта зазначыць, што апытаньне людзей на вуліцах Менску, зробленае нашым карэспандэнтам, паказала, што ворагаў беларушчыны, якіх заўсёды было і ёсьць шмат, мала цікавіць тое, што адбылося з Фронтам. Адзін, альбо два БНФ – гэта для іх па-ранейшым адзін агульны вораг.

А вось што тычыцца дэмакратычнага лягеру… На якіх прынцыпах, пасьля расколу ў самай буйной дэмакратычнай арганізацыі, на вашую думку, магчымае яднаньне? Большасьць партыяў, прынамсі, дэкляравалі незалежнасць Беларусі як галоўную каштоўнасьць. Што ў такім выпадку замінае супрацоўніцтву? Тактычныя разыходжаньні, амбіцыі палітыкаў, ці нешта іншае?"

(Пазьняк: ) "Я згодны, што тут ня мае значэньня, якія ёсьць палітычныя разыходжаньні (а іх увогуле няма) паміж людзьмі, якія разыйшліся. Значэьне мае толькі тое, як не дапусьціць да канфлікту, да самазьнішчэньня, таму што задача расколу – параліч дзейнасьці, калі пачынае адна палова зьнішчаць другую. Вось гэтага нельга дапусьціць.

Што датычыць палітычных разыходжаньняў, дык яшчэ раз падкрэсьлю, іх няма. Ёсьць разыходжаньні ў ськіраванасьці. Народны Фронт заўсёды вылучаўся адной сілай – гэта людзі. Людзі, якія гатовыя ахвяравацца сваім часам, сваёй працай, сваім сэрцам дзеля працы за Бацькаўшчыну. Гэта вельмі істотны момант, і гэта самая галоўная нашая каштоўнасьць.

У сувязі зь цяжкай сытуацыяй у цяперашняй Беларусі ўзьнікла шмат варыянтаў. І адзін з тых варыянтаў, які дзейнічае вельмі неадназначна на ўвесь беларускі рух, гэта дзейнасць заходніх фондаў. З аднаго боку, ёсць станоўчае ў іх дзейнасьці. З другога боку, гэтая дзейнасьць праз стварэньне фантомных структураў і выкарыстаньне існуючых структураў прыводзіць да разбурэньня нацыянальна-вызвольных рухаў, да разбурэньня палітычных партыяў і да стварэньня дастаткова балотнай сытуацыі. Гэты разбуральны фактар відавочны ня толькі ў Беларусі, ён відавочны ў іншых краінах пастсавецкага часу – на ўсходзе Эўропы, і ў Цэнтральнай Эўропе.

І гэты фактар заслугоўвае асобай ацэнкі. Гэты фактар сыграў, у значнай ступені, сваю ролю і ў расколе БНФ. Таму што нацыянальны рух можа арыентавацца на нацыянальную буржуазію. У нас праблема зь бізнэсам і з буржуазіяй. А калі няма сродкаў, то гэта вельмі абмежаваныя магчымасьці. Тыя посьпехі, якіх Фронт дасягнуў – яны не былі дасягнутыя за кошт сродкаў, яны дасягнутыя менавіта за кошт людзей, за кошт іхнага салідарнага жаданьня і ўменьня змагацца.

І вось арыентацыя на фонды часткі людзей, завязваньне на гранты, імкненьне выкарыстаць іх дзеля апазыцыйнай работы выглядае вельмі станоўча зьнешне. Але ў рэальнасьці яно прывяло да вельмі нехарошай сытуацыі – да сытуацыяў канфліктных. І гэты факт узьдзейнічаў у значнай ступені і на раскол у Народным Фронце.

Таму тое, што частка людзей, асабліва на прэзыдэнцкіх выбарах гэта стала відавочна, зарыентавалася на гэтую палітыку і на гэтую рэсурсную дапамогу, тое, што яна вырашыла пайсьці сваім шляхам – ну, што ж, гэта – факт, які трэба ўспрымаць як факт аб'ектыўны. Але гэта шлях тупіковы.

На мой погляд, гэтая група звузіцца і проста злучыцца з гэтымі недзяржаўнымі арганізацымі. Ніякай пэрспэктывы ў гэтым няма.
Вельмі істотна захаваць адраджэнцкую арганізацыю і людзей, якія здольныя палітычна працаваць. Мы павінны зыходзіць з таго, што нацыянальна-вызвольны рух Беларусі ніколі ня будзе мець велізарных грошай, велізарных рэсурсаў, велізарнай дапамогі. І што нацыянальна-вызвольны рух ніколі ня будзе ў большасьці.

Ня будзе так, што 80 працэнтаў, ці навт 60 працэнтаў будзе ў Народным Фронце, а застанецца меншасьць. Гэта ілюзія. Мы заўсёды перамагалі меншасьцю. Трэба гэта дасканала зразумець і выкарыстоўваць палітычныя магчымасьці.

І апошняе, што я хацеў сказаць у гэтай сувязі. Вельмі істотна высьветліць сытуацыю, якая ёсьць на самай справе, паколькі ідзе інфармацыйная вайна супраць фронту.

На сёньняшні дзень юрыдычна сытуацыя выглядае так. Існуе грамадзкая арганізацыя Беларускі Народны Фронт. Існуе партыя Беларускага Бароднага Фронту. Кіраўніком абедзьвюх арганізацыяў зьяўляюся я, Зянон Пазьняк. Дакумэнты аб рэгістрацыі гэтых дзьвюх арганізацыяў знаходзяцца ў мяне, дакладней – у партыі і ў руху.

А фактычная сытуацыя выглядае такім чынам, што 30-га кастрычніка, на 6-м зьезьдзе Фронту, ад руху і партыі адлучылася іншая частка – група асобаў, якая правяла свой зьезд з новым складам дэлегатаў, выбрала свае органы. І, такім чынам, гэтым засьведчаны раскол Фронту на дзьве арганізацыі і на дзьве партыі. І вось тэндэнцыі, якія будуць разьвівацца пасьля гэтага, ня ёсьць малаважныя – гэта тэндэнцыі вельмі йстотныя. І з двух бакоў трэба зрабіць усё, каб запабегчы самаразбурэньня. Я прапаноўваў некалькі кансалідацыйных варыянтаў перад гэтым – усе яны былі адкінутыя, таму што было вялікае жаданьне стварыць сваю структурную арганізацыю. На жаль, гэта ўтварылася. І тым ня менш, мы павінны зараз думаць, каб захаваць у цэлым беларускае нацыянальнае адраджэньне. У мяне ёсьць таксама яшчэ прапановы. Я ня бачу, што ўжо ўсе варыянты вычарпаныя. І думаю, што на ўзроўні кансультацыяў, на ўзроўні разуменьня сытуацыі, трэба гэтае пытаньне вырашаць".

(Тарас: ) "Спадар Вячорка! Перад тым, як даць вам слова, я хацеў бы яшчэ задаць дадатковае пытаньне. Наколькі Вам падаецца натуральным, калі ў юрыдычных аспэктах і, наогул, ў сытуацыі ў Фронце – у якасьці арбітру для яе вырашэньня запрашаюцца ўлады, міністэрства юстыцыі?"

(Вячорка: ) "Я хацеў бы вярнуцца да пытаньня, якое тут аказалася забытым – пытаньня кааліцыйнасьці, пытаньня магчымасьці супрацоўнічаць зь іншымі дэмакратычнымі сіламі.

Маіх аднадумцаў і маё перакананьне даўно палягае ў тым, што БНФ, аб'ектыўна маючы рацыю, стоячы на слушных стратэгічных, ідэалягічных падставах, можа не баяцца ўваходзіць у кааліцыі, можа дзейнічаць у садружнасьці разам зь іншымі палітычнымі партыямі, незалежнымі прафсаюзамі, грамадзкімі арганізацыямі. І гэты падыход, з аднаго боку, гарантуе пастаянную верыфікацыю – гэта значыць, спраўджаньне нашай паставы праз размовы, кансультацыі з нашымі калегамі па барацьбе за незалежнасьць, за дэмакратыю ў нашай краіне. З другога боку, ён моцна пашырае нашыя магчымасьці.

Я прывяду толькі два прыклады, чаму я выбіраю кааліцыйнасьць, а не самазамкнёнасьць. Калі здавалася, што пратэставы патэнцыял беларускага грамадзтва, гатоўнасьць выходзіць на вуліцу дзеля таго, каб сьцьвердзіць сабе, Беларусі і сьвету гатоўнасьць бараніць вечныя каштоўнасьці, перадусім – незалежнасьць, калі здавалася, што гэтая гатоўнасьць вычарпалася, калі мы выводзілі на вуліцы ня болей як дзьве тысячы чалавек, была прапанаваная іншая канцэпцыя – падкрэсьленай кааліцыйнасьці.

І людзі адчулі новы, сьвежы заклік – аб'яднацца, незалежна ад канкрэтных, дэталізаваных палітычных сымпатыяў у гэты момант, супраць дыктатуры і за незалежнасьць. Марш Свабоды 17-га кастрычніка адыграў, я думаю, паваротную ролю ў становішчы, калі, здавалася, усё пакацілася ў тартарары. Калі ўпэўнена рыхтавалася падпісаньне саюзнай дамовы, калі так званая падрыхтоўка да перамоваў яўна ператваралася ў шырму для легітымізацыі рэжыму, раптам, адбываецца такая падзея. Сьвет быў уражаны. Кантынэнтальная Эўропа не чакала. Масква ў застанаўленьні. Дык аказваецца, гэтая Беларусь ня толькі варушыцца, але яшчэ жыве і сваё жыцьцё засьведчвае, як кажуць, візуальна.

Калі ілюстраваць іншыя тактычныя крокі, дык працяглы час, зь незразумелых для мяне прычынаў, БНФ быў замарозіўшы свой удзел у Каардынацыйнай Радзе дэмакратычных сілаў, якая была створаная яшчэ з часоў першага Дэмакратычнага кангрэсу, пацьверджаная была на другім Дэмакратычным кангрэсе. Мы ўзнавілі свой удзел у Каардынацыйнай Радзе.

Я прыйшоў на яе паседжаньне з праектам звароту да кірўнікоў краін-сяброў АБСЭ, так бы мовіць, перадстамбульскім зваротам, у падтрымку звароту Шарэцкага і ў падтрымку пастаноўкі пытаньня аб беларускай незалежнасьці, прама зьвязанага з пытаньнямі агульнаэўрапейскай бясьпекі. Праблем няма! І палітычныя партыі, і грамадзкія арганізацыі, і незалежныя прафсаюзы падтрымалі нашую пазыцыю. Таму, мне здаецца, кааліцыйнасьць – зразумела, з тымі сіламі, што стаяць на блізкіх да нас пазыцыях, зь якімі няма радыкальных, прынцыповых разыходжаньняў, – гэта ёсьць пашырэньне нашых магчымасьцяў.

Ну, і ў цэлым, вобраз адкрытага Фронту моцна спрыяе вяртаньню ў БНФ тых людзей, якія калісьці ад БНФ адыйшлі, але якія стаяць, па ранейшым, на нашых пазыцыях.

І адказваючы на другое, дадатковае пытаньне, я лічу, што, зразумела, міністэрства юстыцыі, якое цяпер так пасьлядоўна ў супольнасьці з замяталінскай камісіяй фільтруе няўрадавыя арганізацыі, палітычныя партыі, незалежныя прафсаюзы, прпускаючы іх праз сіта перарэгістрацыі, недарэчна было б лічыць трацейскім судзьдзёй у арганізацыйных пытаньнях Беларускага Народнага фронту. Гэтаксама, як ня можа АМОН ці міліцыя мець права наводзіць парадак, ці высьвятляць, хто мае рацыю а хто не, на нашых зьездах. Ня можна зьвяртацца да рэжыму ў якасьці арбітра барацьбітам супраць рэжыму".

(Тарас: ) "Зараз я прапаную перайсьці ад пытаньняў стратэгічнага пляну да пытаньняў, у нейкай ступені тактычных. Напрыклад, нашых слухачоў цікавіць вашае стаўленьне да працэсу падрыхтоўкі перамоваў паміж уладамі і апазыцыяй пад эгідай АБСЭ. Ці мусіць БНФ у іх удзельнічаць, і калі так, дык пры якіх умовах?"

(Пазьняк: ) "БНФ у іх удзельнічае. Існуе дэлегацыя, якую ўзначальвае сп. Беленькі. Тым часам, мы цудоўна разумеем, якія задачы ставяцца ў гэтых перамовах, разумеем іхную небясьпеку, бачым тыя сілы, якія за гэтым стаяць. І тым ня менш, паколькі перамовы зьяўляюцца фактам, дык няўдзел у іх выглядаў бы як капітуляцыя і азначаў бы аддаць магчымасьці ў перамовах для іншых сілаў. Таму Фронт удзельнічае ў іх, будзе ўдзельнічаць. Ён мае сваю палітыку, сваю тактыку, але галоўнае мы бачым ня ў гэтым.

Тая сытуацыя, якую абмаляваў Вінцук Вячорка – выступ супраць палітыкі анэксіі шляхам пратэстаў – яна сябе вычарпала яшчэ ў 1997-м годзе, калі мы дамагліся частковых посьпехаў, прыпынілі на нейкі час гэтую інтэграцыю, а яна пачынаецца зноў. Толькі пратэставаць – гэта мала. Бо ініцыятыва ў таго, хто праводзіць гэтую палітыку, а нашыя пратэсты – гэта рэакцыя на іхную ініцыятыву. У каго ініцыятыва, той палітыку й выйграе. І гісторыя гэта паказвае.

Таму зараз самае важнае, на гэтай аснове незадавальненьня й непрыняцьця анэксіі, стварыць альтэрнатыву, уладную альтэрнатыву, каб былі ў нас структуры ўлады, каб былі альтэрнатыўныя ідэі і альтэрнатыўныя асобы. Толькі тады можна праводзіць рэальную палітыку на ліквідацыю рэжыму і на недапушчэньне анэксіі. Толькі пратэставаць можна вечна, і выніку ня будзе ніякага. Ёсьць такія рухі, якія пратэстуюць дзясяткі гадоў – узяць тых самых курдаў. А вынік практычна нулявы".

(Вячорка: ) "Я цешуся, што калісьці, увесну гэтага году, настаяў на тым, каб Беларускі Народны Фронт, тагачасны выканаўца абавязкаў старшыні БНФ Лявон Баршчэўскі пачаў удзельнічаць у падрыхтоўцы гэтага магчымага перамоўнага працэсу. Тады сп. Баршэчўскі паехаў у Бухарэст, і такім чынам БНФ аказаўся ўлучаны ў падрыхтоўку перамоўнага працэсу з боку дэмакратычнай апазыцыі.

Само сабой зразумела, што ёсьць два бакі ў падрыхтоўцы перамоўнага працэсу. З аднаго боку, пакуль існуе шанец забесьпячэньня мірнага пераходу ад дыктатуры да дэмакратыі, трэба дбаць, каб гэты шанец адбыўся. Таму што любы іншы пераход ад дыктатуры да дэмакратыі – гэта развал эканомікі, гэта падрыў праўнай атмасфэры, гэта падрыў маральнасьці і, што самае жахлівае, – гэта падрыў дзяржаўнай незалежнасьці, які дазваляе паношыцца ў нас, як кажуць, абсалютна непажаданым міратворцам, у тым ліку міратворцам з Усходу.

У гэтым сэнсе паказальна: у Беларусі ёсьць сродкі масавай інфармацыі, якія называюцца незалежнымі, але кантралююцца капіталам некаторых расейскіх прамыслова-фінансавых груповак. Яны вельмі жорстка атакуюць перамоўны працэс і пры гэтым атакуюць незалежніцкую ідэю. Я думаю, тут можна высновы рабіць.

Але, з другога боку, ні ў якім разе нельга паддацца спакусе і трапіць у гэтую пастку, у якую гатовыя былі б патрапіць і некаторыя, можа быць, недальнабачныя людзі сярод нашых замежных калегаў, ня даць легітымізаваць такім чынам дыктатуру Лукашэнкі. Ёсьць, і я цешуся, што мы, дзякуючы кааліцыйнай працы, пераканалі нашых партнэраў у рацыі нашых падыходаў, перадумовы, безь якіх весьці перамовы ні ў якім разе нельга.

Зазначу, што пасьля Маршу Свабоды лукашэнкаўцы вымушаныя былі пачаць рабіць выгляд, што яны гатовыя да выкананьня некаторых гэтых перадумоваў. Так, напрыклад, яны спачатку пачалі рэпрэсіі супраць арганізатараў і ўдзельнікаў Маршу, а потым іх выпусьцілі. Зразумела, нельга лічць гэта фактам, які паспрыяў паляпшэньню палітычнага клімату ў краіне. Ёсьць вядомая гэбрайская показка пра тое, як чалавек пусьціў у дом казу, а потым яе, пасьля месяца пакутаў, выпусьціў і сказаў рабіну які ён шчасьлівы.

Так што гэта ня ёсьць паляпшэньне. Мы чакаем перад Стамбулам рэальных крокаў, ськіраваных на паляпшэньне палітычнай атмасфэры ў краіне і рэальнага, а не на паперцы, доступу апазыцыйных палітычных сілаў да мас-мэдыяў. Зрэшты, калі б гэты доступ рэальна адбыўся, я лічу, было б магчыма пачаць адбудоўваць нашую прысутнасьць у інфармацыйнай прасторы Беларусі. Але ўсё ідзе да таго, што ня будзе гэтага доступу. Ёсьць толькі перадстамбульская дэмагогія рэжыму. Што ж, як кажуць, тым горш для рэжыму ў самым Стамбуле".

(Тарас: ) "Як вы ставіцеся да тэзы, што Беларусь, нібыта, спазьнілася са стварэньнем нацыянальнай дзяржаўнасьці паводле эўрапейскіх узораў 19-га стагодзьдзя, і што Беларусь спачатку павінная зрабіцца часткай Эўропы зь ейнымі лібэральнымі каштоўнасьцямі, а нацыянальнае адраджэньне можа быць толькі нейкім дадатковым фактарам? І ў дадатак, наколькі рэальная ў пэрспэктыве пагроза інкарпарацыі Беларусі ў склад Расейскай Фэдэрацыяй?"

(Пазьняк: ) "Нацыянальнае адраджэньне, стварэньне нацыянальнай дзяржавы – гэта неабходны этап у станаўленьні нацыі. Пераскочыць празь яго немагчыма. Таму, калі ён быў прыпынены, ці затарможаны, яго трэба будзе прайсьці паскоранымі тэмпамі. Гэта, як кажуць, тэрыя працэсаў. А вось такая пастаноўка пытаньня наконт лібэральных каштоўнасьцяў – яна зьвязаная з тым, што Эўропа прайшла ўжо гэты этап і знаходзіцца на другім этапе".

(Тарас: ) "Ці ёсьць рэальная пагроза інкарпарацыі Беларусі і склад Расеі?"
(Пазьняк: ) "Пагроза існуе рэальна. Асабліва яна існуе зараз, калі Расея праводзіць вайну ў Чачні, генацыд чачэнцаў, і адначасна адбываецца атака на Беларусь. Дарэчы, гэтыя дзьве падзеі заўсёды ўзаемазьвязаныя. Як толькі пачынаюцца выбары ў Расеі – пачынаецца вайна ў Чачні, і тут жа пачынаецца інтэграцыя на Беларусі.

Мы павінны вельмі ўважліва да гэтага адносіцца. І на міжнародным узроўні мы павінныя перш за ўсё ставіць пытаньне аб узьдзеяньні на Расею, аб тым, каб рускі ўрад спыніў адносіны зь нелегітымным рэжымам Лукашэнкі, спыніў палітыку інкарпарацыі. Вось галоўная тэза, таму што, ў асноўным, наш лёс залежыць ад разьвіцьця гэтай палітыкі – усходняй. Аб гэтым нават Лукашэнка сказаў у інгтэрвію "Frankfurter Allegemeine", што ўсё залежыць ад Расеі, уся яго палітыка, уся яго падтрымка. І гэта мы павінны ўлічваць.

Хачу ў дадатак сказаць, што зараз Беларусь ужо ня тая, якой была тры-чатыры гады назад. Калі на Беларусь увядуць расейскія войскі, калі пачнецца рэальная інкарпарацыя Беларусі, мы будзем змагацца усімі сродкамі, у тым ліку збройнымі. Гэта будзе вайна. І ў нас ёсьць сілы змагацца за сваё жыцьцё, за сваю незалежнасць".

(Вячорка: ) "Пагроза незалежнасьці Беларусі з боку канкрэтнай дзяржавы, з боку Расеі, ўсьведамляецца вельмі вялікай часткай нашых людзей. Памятаеце апытаньне лябараторыі Новака, якое ўтрымлівала пытаньне – ці йснуе пагроза незалежнасьці Беларусі? Па-мойму, пад 50 працэнтаў апытаных уважалі, што такая пагроза ёсьць. Зь іх абсалютная бальшыня сьцьвярджала, што гэтая пагроза зыходзіць з боку Расеі. Вельмі важна, што гэты чыньнік стаў фактарам нашай грамадзкай сьвядомасьці. І адсюль вынікае страх Лукашэнкі праводзіць якія б там ні было рэфэрэндумы ці любыя, нават псэўдадэмакратычныя захады вакол інтэграцыі. Таму ён цяпер абмяжоўваецца так званымі народнымі абмеркаваньнямі на прадпрыемствах, якія заканчваюцца ганебна для арганізатараў такіх абмеркаваньняў. У нас у Фронце мноства сьведчаньняў, як пачынаюць абмеркаваньне на якім-небудзь заводзе. Два чалавекі – дырэктар, намесьнік дырэктара за далейшыя інтэграцыйныя крокі, чалавек 10-15 супраць, а бальшыня змрочна маўчыць. Што ў нашай сытуацыі ўсеагульнай запалоханасьці азначае адно: людзі ня хочуць далучацца да краіны, якая вечна ваюе, якая непрадказальная.

Лічу, што пагроза з Усходу для нашай незалежнасьці ў агляднай будучыні будзе існаваць пастаянна. Нам трэба выпрацоўваць "модус вівендзі" – як з гэтай пагрозай жыць, як захоўваць, зьберагаць нашую незалежнасьць. Пры гэтым – выкарыстоўваць наша геаграфічнае стратэгічнае становішча як аргумэнт, што любая зьмена пастсавецкай геапалітычнай архітэктуры на эўрапейскім кантынэнце будзе азначаць разбурэньне стабільнасьці, зважаць на тое, што ў самой Расеі ў сілу яе палітыка-эканамічнай сыстэмы існуюць нутраныя канфлікты, свары, супярэчнасьці, якія трэба было б умела выкарыстоўваць, каб не дапусьціць інкарпарацыі Бларусі ў Расею.

І самае важнае – мацаваць папулярнасьць нацыянальнай ідэі і падкрэсьліваць, што нацыянальная ідэя і ідэя нацыянальнай дзяржаўнасьці ў нашых варунках – гэта ёсьць тая ж самая эўрапейская дэмакратычная ідэя. Дзякуй Богу, у нас існуе шкала адназначная: калі ты за незалежнасьць, ты за вяртаньне Беларусі ў заходнюю цывілізацыйную прастору, калі супраць – ты выбіраеш іншы шлях, эўразыйскі, ці нейкі яшчэ.

Я зьбіраюся гаварыць пра ролю незалежнай Беларусі ў захаваньні стабільнасьці на ўсім эўрапейскім кантынэнце ў Стамбуле".

(Тарас: ) "Калі б нашая размова адбывалася публічна, перад тэлекамэрамі, ці паціснулі б вы адзін аднаму рукі?"

(Пазьняк: ) "Дзіўнае пытаньне, мы ж культурныя людзі. Хіба можна такое пытаньне задаваць? Канечне".

(Вячорка: ) "Я дадам, што мы ня толькі культурныя людзі, але й ня ворагі…"

XS
SM
MD
LG