Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 15:24 ]  Мірнае вырашэньне канфлікту вакол Аджарыі


Грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі сёньня заявіў пра пачатак ўз’яднаньня Грузіі пасьля таго, як лідэр Аджарыі Аслан Абашыдзэ пайшоў у адстаўку і пакінуў краіну. Міхаіл Саакашвілі зьвярнуўся да дэманстрантаў на вуліцах Батумі, якія сьвяткавалі адстаўку Абашыдзэ. Ён назваў кіраваньне Абашыдзэ дыктатурай: “Гэта была сапраўдная дыктатура, якую вельмі мала ўспрымалі ў сьвеце ў такой якасьці. Абашыдзэ быў асобай, які ўціскаў людзей – у пэўным сэнсе такі міні- Садам Хусэйн. Я маю на ўвазе, што ён меў усе атрыбуты сапраўднай дыктатуры.” --сказаў М. Саакашвілі. Былы лідэр Аджарыі Аслан Абашыдзэ паляцеў у Маскву пасьля перамоваў з кіраўніком Рады Бясьпекі Расеі Ігарам Івановым, які дапамог у мірным вырашэньні крызісу. Адстаўка Абашыдзэ, які кіраваў Аджарыяй 14 гадоў, сталася першым крокам да аднаўленьня цэнтральнага кіраваньня над усёй тэрыторыяй Грузіі. Цяпер Тбілісі хоча аднавіць кантроль над іншым рэгіёнам -- Паўднёвай Асэціяй. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр заявіў, што “ЗША вітаюць мірнае аднаўленьне ўлады Тбілісі”. Саакашвілі ўвёў у Аджарыі прэзыдэнцкае кіраваньне. Грузінскі прэм’ер Зураб Жванія сёньня заявіў у Батумі, што цэнтральны ўрад Грузіі будзе паважаць аўтаномны статус Аджарыі. Ён паведаміў, што ў хуткім часе ў рэгіёне будуць праведзеныя парлямэнцкія выбары.
XS
SM
MD
LG