Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 06:03 ]  Аслан Абашыдзэ пайшоў у адстаўку й пакінуў краіну


ТБІЛІСІ. Грузінскі прэзыдэнт Міхаіл Саакашвілі сёньня раніцай прыбыў у Аджарыю пасьля таго, як лідэр аўтаноміі Аслан Абашыдзэ пайшоў у адстаўку і пакінуў краіну. Міхаіл Саакашвілі падзякаваў дэманстрантам на вуліцах Батумі, якія сьвяткавалі адстаўку Абашыдзэ. Разам з грузінскім прэзыдэнтам у Батумі прыехала сьпікер парлямэнту Ніно Бурджанадзэ. Аслан Абашидзэ пайшоў у адстаўку пасьля перамоваў з кіраўніком Рады Бясьпекі Расеі Ігарам Івановым. Паведамляецца, што Абашыдзэ разам зь ім выляцеў у Маскву. Раней Міхаіл Саакашвілі паведамляў, што ён абмяркоўваў з расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным і амэрыканскімі ўрадоўцамі магчымасьць прадстаўленьня прытулку для Абашыдзэ. Прадстаўнік Дзярждэпартамэнту ЗША Рычард Баўчэр заявіў, што “ЗША вітаюць мірнае аднаўленьне ўлады Тбілісі”. Саакашвілі ўвёл у Аджарыі наўпростае прэзыдэнцкае кіраваньне – да новых выбараў кіраўніка аўтаноміі. Паведамленьне пра адстаўку Абашыдзэ выклікала сьвяткаваньні тысячаў дэманстрантаў на вуліцах Батумі мінулае начы. Некаторыя дэманстранты пачалі выносіць мэблю з былой рэзыдэнцыі Абашыдзэ, пакуль ім не было загадана спыніцца. Грузінскі прэм’ер-міністар Зураб Жванія, выступаючы па тэлебачаньні, заклікаў людзей супакоіцца.
XS
SM
MD
LG