Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 18:43 ]  Блiкс загадаў Іраку зьнiшчыць ракеты


АРГАНІЗАЦЫЯ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЯЎ. Кiраўнiк ваеннай iнспэкцыi ААН Ганс Блiкс загадаў Іраку зьнiшчыць некалькi дзясяткаў ракетаў i iх кампанэнтаў, якiя не дазволеныя паводле санкцыяў ААН. У сваiм лiсьце iрацкiм уладам Блiкс патрабуе, каб пад назiраньнем ААН былi зьнiшчаныя ўсе iрацкiя ракеты Аль Самуд 2, iх боегалоўкi, рухавiкi, пускавыя ўстаноўкi, абсталяваньня для тэстаў, праграманае забесьпячэньне i дакумэнтацыя на ракеты. Тым часам Злучаныя Штаты сёньня наблiзiлiся да пагадненьня з Турэччынай аб доступе да турэцкiх ваенных базаў. Такi доступ патрэбны амэрыканскiм войскам для магчымай вайны супраць Іраку. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш сёньня сустрэўся з прэм’ер-мiнiстрам Гiшпанii Хасэ-Марыа Азнарам. Гiшпанiя падтрымлiвае амэрыканскую пазыцыю ў iрацкiм крызысе. Гiшпанскiя газэты сёньня пiшуць, што iхная краiна далучыцца да ЗША i Вялiкай Брытанii ў падрыхтоўцы новай рэзалюцыi Рады бясьпекi ААН наконт Іраку. У Малайзii сустрэлiся прадстаўнiкi неарабскiх краiнаў руху недалучэньня, якi агулам аб’ядноўвае 114 краiнаў. Яны падрыхтавалi рэзалюцыю, у якой выказваецца вялiкая заклапочанасьць магчымым нападам на Ірак. Аднак яны не прынялi прапанову арабскiх краiнаў, якiя назвалi магчымы напад актам агрэсii. Тым часам ветэран брытанскай дыпляматыi, камiсар Эўразьвязу ў вонкавых сувязях Крыс Патэн пiша ў надрукаваным сёньня камэнтары, што мiжнароднай супольнасьцi давядзецца быць у Іраку “доўгi i вельмi дарагi час”.
XS
SM
MD
LG