Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайна ў Малі стане ісламскім джыгадам?


Французкія вайскоўцы ў Малі
Французкія вайскоўцы ў Малі

Грамадзянская вайна ў афрыканскай краіне Малі можа ператварыцца ў міжнародны канфлікт, які ангажуе ісламісцкія сілы з розных краінаў. Аб гэтым папярэджваюць назіральнікі гэтага канфлікту ў заходняй частцы Сахары.

На мінулым тыдні Францыя пачала вайсковае ўмяшаньне ў грамадзянскую вайну ў Малі, пасылаючы туды верталёты, самалёты і некалькі сотняў вайскоўцаў.

Сёньня аб падтрымцы ўмяшаньня Францыі ў канфлікт у Малі заявіла Кэтрын Эштан, кіраўніца зьнешняй палітыкі Эўразьвязу.

«Мы пагадзіліся стварыць місію Эўразьвязу, якая будзе абучаць малійскія ўзброеныя сілы, і мы назначылі генэрала Франсуа Лекуантра з Францыі камандзірам гэтай місіі. Першая тэхнічная група ў рамках місіі пачне падрыхтоўчую працу ў Малі ў бліжэйшыя дні» – сказала Эштан пасьля сёньняшняй сустрэчы міністраў замежных справаў.

Эштан дала зразумець, што некаторыя сябры Эўразьвязу могуць паслаць свае вайсковыя кантынгенты ў Малі, каб дапамагчы ў францускай інтэрвэнцыі, але не назвала канкрэтных краінаў.

У сакавіку летась, пасьля ваеннага перавароту ў сталіцы Малі Бамако, якая знаходзіцца на поўдні краіны, паўстанцы-туарэгі з поўначы і ваеўнікі, зьвязаныя з «Аль-Каідай», усталявалі кантроль над паўночнымі раёнамі краіны. Францускае ўмяшаньне, паводле заявы Парыжу, мае на мэце спыніць прасоўваньне ісламскіх экстрэмістаў у кірунку сталіцы Бамако, гарантаваць бясьпеку некалькіх тысяч францускіх грамадзян у Малі, захаваць тэрытарыяльную цэласнасьць краіны і, у канчатковым рахунку, вызваліць ад ісламістаў поўнач краіны.


Тым часам на дапамогу ісламістам у Малі прыйшла экстрэмісцкая групоўка з Альжыру, якая ўзяла ў закладнікі больш за 40 замежных працаўнікоў на адным з газавых радовішчаў у гэтай краіне. Групоўка, зьвязаная з «Аль-Каідай», заявіла, што яе акцыя зьяўляецца адказам на францускае ўмяшаньне ў Малі і на дазвол альжырскага ўраду на пералёт францускіх самалётаў над тэрыторыяй Альжыру. Групоўкай кіруе Махтар Белмахтар зь мянушкай «Аднавокі» – 40-гадовы былы альжырскі вайсковец, які стаціў адно вока ў Аўганістане ў 1991 годзе, дзе ён, паводле сваіх слоў, абучаўся джыхаду.

Дамінік Тама, экспэрт у пытаньнях ісламскага экстрэмізму, лічыць, што акцыя ісламістаў у Альжыры разьлічаная на тое, каб унутраны канфлікт у Малі ўчыніць міжнародным, які ісламскія ваеўнікі маглі б ператварыць у новы джыгад.

«Сёньня намеры джыгадыстаў – асабліва Аль-Каіды ў ісламскім Магрыбе, Руху дзеля еднасьці і джыгаду ў Заходняй Афрыцы ды груповак, зьвязаных зь імі – не абмяжоўваюцца мясцовымі пытаньнямі, а маюць міжнародны характар. Іх мэта – учыніць гэты канфлікт міжнародным, стварыць нешта накшталт міжнароднага фронту дзеля джыгаду ў гэтым раёне» – сказаў Тама францускім журналістам.

Альжырскія ўлады сёньня правялі паветраную атаку на групоўку Махтара Белмахтара, якая ўтрымлівае замежных закладнікаў. Паводле непацьверджанага паведамленьня, у атацы загінулі 35 закладнікаў і 15 ісламскіх экстрэмістаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG