Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 06:40 ]  Папярэднія вынікі: Ірляндыя ўхваляе пашырэньне Эўразьвязу


ДУБЛІН. Першыя афіцыйныя вынікі з учорашняга рэфэрэндуму ў Ірляндыі сьведчаць, што ірляндцы ўхвалілі магчымасьць пашырыць Эўрапейскі зьвяз. Вынікі ў шасьці акругах сталіцы Ірляндыі, Дубліну, і ў адной сельскай акрузе паказваюць вялікую падтрымку Ніцэйскага пагадненьня, якое закладае падмурак дзеля пашырэньня Эўразьвязу. У гэтых сямі акругах галасаваньне вялося праз электронныя сыстэмы. За пагадненьне там прагаласавалі 66 адсоткаў выбаршчыкаў, супраць – 33 адсоткі. У астатніх 35 акругах папяровыя бюлетэні маюць быць падлічаныя да сёньняшняга вечара. Ірляндыя – адзіная краіна Эўразьвязу, дзе дагэтуль не ратыфікаванае Ніцэйскае пагадненьне, і адзіная, дзе дзеля гэтага патрабуецца канстытуцыйны рэфэрэндум. На ранейшым ірляндзкім рэфэрэндуме ў чэрвені 2001 году крыху больш за палову ўдзельнікаў прагаласавалі супраць пагадненьня. Лідэры Эўразьвязу папярэджвалі, што калі і на гэтым рэфэрэндуме большасць ірляндзкіх выбаршчыкаў скажуць “не”, то гэта можа прывесьці да сур’ёзнага крызысу. Пагадненьне, падпісанае ў сьнежні 2000 году ў францускім горадзе Ніца, мусіць быць ратыфікаванае ўсімі краінамі Эўразьвязу перш чым уступіць у сілу. Ў гэтым месяцы Эўрапейская камісія папярэдне ухваліла далучэньне 10 новых краінаў да Эўразьвязу ў 2004 годзе. Сярод кандыдатаў -- суседзі Беларусі: Латвія, Літва ды Польшча.
XS
SM
MD
LG