Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 18:52 ]  Паліцыя Інданэзіі арыштавала мусульманскага багаслова


ДЖАКАРТА. Паліцыя Інданэзіі сёньня арыштавала мусульманскага багаслова, якога падазраюць у дачыненьні да тэрарызму. Тыдзень таму на інданэзійскай выспе Балі ад выбуху бомбы загінулі больш за 180 чалавек. Улады Інданэзыі ўзялі багаслова Абу Бакар Башыра пад арышт у шпіталі, куды ён трапіў учора, згубіўшы прытомнасьць. Башыра лічаць духоўным лідэрам групоўкі Джэмаа Ісьлямія, якую падазраюць у сувязях з тэрарыстычнай сеткай аль-Кайда і ў арганізацыі тэракту на Балі на мінулым тыдні. Сёньня ж у Інданэзіі ўвайшло ў сілу надзвычайнае заканадаўства ў сувязі з апошнім тэрактам. Яно дазваляе некалькі месяцаў трымаць пад вартай асобаў, падазраваных у тэрарызме, без афіцыйных абвінавачваньняў. Яно таксама дазваляе ўжываць сьмяротнае пакараньне супраць асуджаных тэрарыстаў. Урад ЗША сёньня зноўку заклікаў сваіх грамадзянаў пакінуць Інданэзію. Інфармацыя амэрыканскай выведкі нібыта сьведчыць, што ў сталіцы Інданэзіі Джакарце верагодныя новыя бомбавыя тэракты, скіраваныя супраць грамадзян Заходніх краінаў. Большасьць са 180 загінулых падчас тэракту на Балі былі аўстралійцы. У Аўстралію сёньня прывезьлі цела першай апазнанай ахвяры – 19-гадовай дзяўчыны.
XS
SM
MD
LG