Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 06:07 ]  Брытанскі пасол заклікае ААН узмацніць ціск на Ірак


АРГАНІЗАЦЫЯ АБ’ЯДНАНЫХ НАЦЫЯЎ. Пасол Вялікай Брытаніі ў Арганізацыі аб’яднаных нацыяў заклікаў ААН больш эфэктыўна змагацца з парушэньнямі Іракам рэзалюцыяў Рады бясьпекі. Джэрэмі Грынстак, выступаючы перад Генэральнай асамблеяй ААН, заявіў, што збройныя інспэктары, якія зьбіраюцца ў Ірак, павінныя атрымаць вялікія паўнамоцтвы і падтрымку ААН. Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія прапануюць новую рэзалюцыю, якая б дазволіла ўжыць сілу, калі Ірак не забясьпечыць збройным інспэктарам ААН доступ да любых аб’ектаў. Іншыя тры сталыя сябры Рады бясьпекі – Францыя, Расея і Кітай лічаць за лепшае спачатку прыняць рэзалюцыю аб умовах працы інспэктараў, і толькі калі Ірак ня выканае патрабаваньні ААН, абмяркоўваць магчымыя ваенныя дзеяньні. Дыскусія ў Радзе бясьпекі наконт новай рэзалюцыі можа пачацца да канца гэтага тыдня. Сёньня ж у Іраку адбудзецца рэфэрэндум аб прадленьні паўнамоцтваў прэзыдэнта Садама Хусэйна яшчэ на сем гадоў. На мінулым такім рэфэрэндуме ў 1995 годзе Садам Хусэйн, паводле афіцыйных лічбаў, атрымаў падтрымку 99 цэлых 96 сотых адсотка ірацкіх выбаршчыкаў.
XS
SM
MD
LG