Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 05:15 ]  Прэзыдэнт Грузіі наведае Панкіскую цясьніну


ТБІЛІСІ. Сёньня грузінскі прэзыдэнт Эдуард Шаварнадзе наведае Панкіскую цясьніну ў раёне мяжы з Чачнёй, дзе, паводле афіцыйных заяваў Расеі, хаваюцца чачэнскія паўстанцы. Учора Шаварнадзе абавязаўся ачысьціць вобласьць ад “усіх злачынцаў і тэрарыстаў”. Цяпер у цясьніне знаходзіцца адна тысяча жаўнераў міністэрства ўнутраных справаў, якія бяруць удзел у анты-злачыннай і анты-тэрарыстычнай апэрацыі. Паводле Шаварнадзе, пакуль што жаўнеры не сустрэлі ў цясьніне ніякіх ворагаў. У мінулую пятніцу Грузія зьвінаваціла Расею ў бамбаваньні тэрыторыі цясьніны, у выніку чаго загінула адна цывільная асоба. Расея адрынула абвінавачаньні, але Злучаныя Штаты папракнулі Маскву за магчымае “неразборлівае бамбаваньне вёсак на поўначы Грузіі”. Шаварнадзе вітаў гэткі крок Злучаных Штатаў. Учора ж, у Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў пасол Грузіі Раваз Адамія абвінаваціў Расею ў дзяржаўным тэрарызме, але сказаў, што Тбілісі не зьбіраецца дамагацца рэакцыі Рады Бясьпекі ААН. Расейскі міністар абароны Сяргей Іваноў выказаў меркаваньне, што паветраная атака магла быць праведзеная самой Грузіяй. Учора ж Дэпутаты грузiнскага парлямэнту на адмысловай сэсii заклiкалi прэзыдэнта краiны Эдуарда Шэварднадзэ распачаць працэдуру выхаду Грузii з Садружнасьцi Незалежных Дзяржаваў. Яны даручылі ўраду ўсталяваць дакладныя тэрміны ліквідацыі расейскіх ваенных базаў на тэрыторыі Грузіі і неадкладна прыпыніць мандат расейскіх міратворчых сілаў у Абхазіі.
XS
SM
MD
LG