Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 12:26 ]  МІНІСТРЫ ЗАМЕЖНЫХ СПРАВАЎ ЭЎРАЗЬВЯЗУ ПАДТРЫМАЛІ ПРАПАНОВЫ ПАЧАЦЬ УСТАЛЁЎВАЦЬ НОВЫЯ ДАЧЫНЕНЬНІ З УКРАІНАЙ, БЕЛАРУСЬЮ Й МАЛДОВАЙ


ЛЮКСЭМБУРГ. Кіраўнікі дыпляматычных ведамстваў Эўрапейскага Зьвязу падтрымалі прапановы Вялікае Брытаніі й Швэцыі пачаць усталёўваць новыя дачыненьні з трыма краінамі, якія стануць новымі суседзямі Эўразьвязу пасьля ягонага пашырэньня. Як паведамляюць газэта Financial Times і агенцтва Reuters, брытанскі міністар замежных справаў Джэк Стро зазначыў у лісьце калегам, што Эўрапейскі Зьвяз мае "прамую долю ў дапамозе знайсьці адказы на выклікі, што паўстаюць для і ўнутры гэтых трох краін". Паводле Стро, пасьля пашырэньня на ўсход Эўразьвяз на сваіх новых межах "будзе мець усе праблемы, што спадарожнічаюць гэтаму -- трансгранічную злачыннасьць, кантрабанду й нелегальную іміграцыю". Брытанскі міністар замежных справаў дадае, што "цяжка быць аптымістычным наконт гэтых трох краін" (Украіны, Беларусі й Малдовы). Адна з прапановаў Вялікае Брытаніі – прапанаваць Беларусі, Малдове й Украіне "адмысловы статус суседзяў". Гэты статус паспрабуе вызначыцць Эўрапейская камісія ў часе старшыняваньня Даніі ў Эўразьвязе, якое пачынаецца ў ліпені. Статус будзе прывязаны да схемы, якая будзе прапаноўваць Беларусі, Малдове й Украіне паступовую лібралізацыю гандлю з Эўразьвязам у абмен на правядзеньне эканамічных і палтычных рэформаў і паляпшэньне з датрыманьнем правоў чалавека, паведамляе Financial Times. Агенцтва Reuters падае яшчэ адну цытату зь ліста брытанскага міністра замежных справаў: "Мы ня можам проста сядзець. Гэтыя краіны маюць значэньне для Эўропы. Ня толькі з прычыны рызыкаў, выкліканых беднасьцю, беззаконьнем, кантрабандай і забруджваньнем навакольнага асяродзьдзя – але з прычыны іхняга некранутага патэнцыялу". Reuters паведамляе, што іншыя дзяржавы Эўразьвязу шырока падтрымалі брытанскую прапанову, і цяпер ад Эўрапейскае камісіі чакаюць распрацоўкі прапановаў што да ўзмацненьня стасункаў з новым "блізкім замежжам" Эўрапейскага Зьвязу.
XS
SM
MD
LG