Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 12:26 ]  Апошнія зьвесткі з украінскага Цэнтарвыбаркаму (на 4:50 раніцы)


КІЕЎ. Амаль поўныя афіцыйныя вынікі нядзельных парлямэнцкіх выбараў ва Ўкраіне паказваюць, што блёк “Наша Ўкраіна” былога прэм’ер-міністра Віктара Юшчанкі атрымаў найбольшую долю ў галасох паводле партыйных сьпісаў. Як паведамляе афіцыйны сайт украінскае цэнтральнае выбарчае камісіі, на 4 гадзіны 50 хвілінаў было апрацавана крыху больш за 97 адсоткаў бюлетэняў. Амаль 24 адсоткі галасоў у шматмандатнай акрузе атрымаў блёк “Наша Ўкраіна”, на другім месцы – кампартыя Ўкраіны з 20-цю адсоткамі галасоў. Прапрэзыдэнцкі блёк “За адзіную Украіну” (скарочана “За ЕдУ”) сабраў 12 адсоткаў галасоў і мае трэцяе месца, а на чацьвертым – блёк Юліі Тымашэнкі з 7 адсоткамі. Яшчэ дзьве партыі пераадолелі 4-адсоткавы бар’ер для атрыманьня мандатаў у Вярхоўнай Радзе – гэта Сацыялістычная партыя (7 адсоткаў галасоў) і Сацыял-дэмакратычная партыя (аб’яднаная) – больш як 6 адсоткаў. Не прайшлі ў парлямэнт блёк Натальлі Вітрэнкі, Расейскі блёк, блёк ЗУБР, партыя “Яблуко” ды іншыя – з 33 удзельнікаў выбарчае кампаніі паводле партыйных сьпісаў у Вярхоўную Раду Ўкраіны прайшлі толькі 6. Яны падзеляць паміж сабой палову з 450 месцаў у парямэнце. Астатнія 225 месцаў будуць разьмеркаваныя паміж пераможцамі ў тэрытарыяльных аднамандатных акругах. Паводле прагнозаў агенцтва ІТАР-ТАСС, ва ўсім парлямэнце блёк “Наша Украіна” можа атрымаць да 110 месцаў – менш за чвэрць ад агульнае колькасьці, “За ЕдУ” – 105 месцаў, камуністы – 67. Злучаныя Штаты заявілі, што выбары засьведчылі злоўжываньні з боку ўладаў й сталіся скажоныя, аднак яны праведзеныя лепш у параўнаньні з папярэднімі ў 1998 годзе. АБСЭ таксама зазначыла выбарчыя недахопы, але заявіла, што назіраўся пэўны прагрэс у прасоўваньні Ўкраіны да міжнародных дэмакратычных стандартаў.
XS
SM
MD
LG