Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 15:05 ]  ВЫНІКІ СПАБОРНІЦТВАЎ І ІНШЫЯ НАВІНЫ, ПАНЯДЗЕЛАК 18 ЛЮТАГА


ВЫНІКІ СПАБОРНІЦТВАЎ І ІНШЫЯ НАВІНЫ, ПАНЯДЗЕЛАК 18 ЛЮТАГА

***Панядзелак быў шчасьлівым днём для нямецкіх алімпійцаў. Немцы выйгралі каманднае спаборніцтва ў скоках са 120-мэтровага трампліну. Залаты мэдаль для гэтай краіны таксама заваявала каманда біятляністак у эстафэце чатыры па сем з паловай кілямэтраў. Свэн Ханавольд, Міхаэль Урман, Стэфан Хокэ і Марцін Шміт выйгралі спаборніцтва ў скоках, перамогшы на нейкую палову пункту каманду Фінляндыі. Бронзавы мэдаль нечакана атрымалі спартоўцы Славеніі. Беларусь у гэтым відзе спаборніцтваў ня ўдзельнічала. ***Другі залаты мэдаль для Нямеччыны выйграла зорная каманда біятляністак у складзе Катрын Апэль, Ушы Дзізьль, Андрэі Хэнкэль і Каці Вільгэльм. Другое месца заняла каманда Нарвэгіі, трэцімі былі расейкі. Зборная Беларусі прыйшла на фініш сёмай. Немкі пацьвердзілі свой тытул алімпійскіх чэмпіёнак, заваяваны 4 гады таму ў Нагана. ***Дзякуючы гэтым перамогам, Нямеччына зараз знаходзіцца на першым месцы ў табліцы мэдалёў Алімпіяды. Яна мае на сваім рахунку восем залатых, дзесяць срэбных і шэсьць бронзавых мэдалёў На другім месцы – Нарвэгія з васьмю залатымі і шасьцю срэбнымі мэдалямі. Трэція – гаспадары Алімпіяды, якія маюць чатыры залатыя, сем срэбных і сем бронзавых мэдалёў. ***Учора адбыліся фінальныя спаборніцтвы фрыстайлістак з акрабатычнымі скокамі. Пасьля першай спробы прадстаўніца Беларусі Ала Цупер займала 2 месца. І была літаральна ў адным скоку ад мэдалю. Але другі скок яна выканала няўдала, была 12-й з 12 удзельніцаў фіналу. У выніковай табліцы Ала Цупер -- на 9 месцы. А перамагла Аліса Камплін з Аўстраліі. Гэта ўжо другі залаты мэдаль, заваяваны спартоўцамі зялёнага кантынэнту на белай алімпіядзе. ***Яшчэ адзін камплект узнагародаў разыгралі ў панядзелак фігурысты ў танцах на лёдзе. Залаты мэдаль атрымала танцавальная пара з Францыі Марына Анісіна – Гвандаль Пэзра. На другім месцы --расейцы Ірына Лабачова і Ільля Авэрбух. А на трэцім цяперашнія чэмпіёны сьвету – італьянцы Барбара Фусар-Палі і Маўрыцыё Маргагліё. ***Учора завершыліся гульні ў групавых турнірах мужчынскіх хакейных камандаў. Сталі вядомыя пары, якія згуляюць паміж сабой у чвэрцьфіналах. Матч зборных Беларусі і ЗША даў вынік -- 8:1 на карысьць амэрыканцаў– такі несуцяшальны вынік для беларускай зборнай, якая ў другі раз запар спазнае тое, што ў спартовых колах называюць разгромам. А першую шайбу ўжо на 20-й сэкундзе матчу закінуў беларус Дзьмітры Панкоў. Дзякуючы гэтай перамозе, амэрыканцы занялі першае месца ў групе “Д” і ў чвэрцьфінале сустрэнуцца з немцамі. У другім матчы ў гэтай групе Фінляндыя перамагла Расею – 3:1 – і закончыла групавы турнір на другім месцы. У барацьбе за выхад у паўфінал фіны будуць гуляць з канадыйцамі, якія ў панядзелак згулялі ўнічыю з чэхамі – 3:3. Супернікам чэхаў будзе каманда Расеі. Апошнюю чвэрцьфінальную пару ўтвараюць лепшая каманда групы “Ц” – Швэцыя і каманда, якая заняла апошняе месца ў групе “Д”. Гэта – Беларусь. Сёньня беларускіх заўзятараў перадусім цікавяць старты ў фрыстайле. Тут Беларусь, якая пакуль што ня мае алімпійскіх узнагародаў сёлятней Алімпіяды, захоўвае шанцы на мэдалі. Усе тры беларусы Аляесей Грышын, Дзьмітры Дашчынскі і Дзьмітры Рак выступаюць у фінале. Высокі рэйтынг у Грышына, які ў кваліфікацыі заняў першае месца. Спаборніцтвы ў гэтым відовішчным відзе спорту распачнуцца а 21-й гадзіне паводле менскага часу. Панядзелак на 19-х Алімпійскіх Гульнях вызначыўся гучным скандалам, зьвязаным з прадстаўніцтвам Беларусі. Кіраўніку беларускай дэлегацыі Яраславу Барычку Міжнародны алімпійскі камітэт загадаў пакінуць Гульні. Такое рашэньне было прынятае пасьля таго, як адзін зь беларускіх атлетаў (імя яго неназывалася, але мяркуецца, што гэта удзельнік спаборніцтваў у шорттрэку) не зьявіўся на паўторны допінг-тэст. Паводле генэральнага дырэктара МАКу Франсуа Карара, першы тэст выявіў, што ўзровень нандралёну (забароненага анаболіку) у мачы атлета перавышае норму ў 380 разоў. На паўторны тэст мелі прыйсьці і спартовец, і кіраўнік дэлегацыі. Але абодва не зьявіліся. Падрабязнасьці гучаць сёньня ў нашых праграмах. Не затухае рэха скандалу, зьвязанага з судзействам спартовых параў у фігурным катаньні. Як вядома, Міжнародны алімпійскі камітэт скасаваў адзнаку, выстаўленую французскай судзьдзёй расейскай пары Беражной і Сіхарулідзэ. Нарэшце Мары-Рэн Ле Гунь (такое імя гэтай судзьдзі), нягледзячы на патрабаваньне кіраўніцтва Міжнароднага Зьвязу Канькабежцаў маўчаць, дала інтэрвію газэце “Ле Кіп”, сказаўшы, што яна адчувае сябе аблітай брудам і што ёй ужо няма чаго губляць. Яна паведаміла, што практычна пасьля завяршэньня чэмпіянату сьвету ў 2000 годзе адчувала ціск з боку Міжнароднага Зьвязу Канькабежцаў і Французскай Фэдэрацыі Фігурнага Катаньня, каб выводзіла ў фаварыты канадыйскую пару Сэйл – Пэлэнцьер. Пасьля спааборніцтваў судзьдзя сутыкнулася з сапраўднай агрэсыяй, але яна цьвердзіць, што адзнаку расейцам паставіла ў згодзе са сваім сумленьнем, бо сапраўды лічыць, што Беражная –Сіхарулідзэ былі лепшымі, і яна ніколі не ўступала ў кантакт у гэтай сувязі з расейцамі. Ле Гунь адхіленая ад судзейства бяз тэрміну. А спартоўцам з Канады, як і расейцам, уручаны залаты мэдаль. Тым часам, у шэрагу краінаў ужо пачалі ўшаноўваць герояў Гульняў. Так, аўстраліец Стывен Брэдбэры, першы ў гісторыі сваёй краіны залаты мэдаліст зімовых алімпійскіх гульняў, будзе мець сваю паштовую марку. Эскіз зроблены ў Аўстраліі, яна будзе выкарыстоўвацца аўстралійскай поштай. А пераможца ў алімпійсім бегу на 1000 мэтраў у шорттрэку зможа паглядзець на марку са сваёй выявай яшчэ перад завяршэньнем Гульняў у Солт Лэйк Сіты. Кароль Швэцыі Карл ХУІ Густаў гатовы зьняць капялюш перад камандай нарвэскіх лыжнікаў, якая робіць цуды ў Солт Лэйк Сіты. Кароль выказаў захапленьне пасьля таго, як убачыў разам з каралевай Сільвіяй у Солт Лэйк Сіты драматычную перамогу нарвескай мужчынскай камады ў эстаыеце чатыры па 10 кілямэтраў. Швэды на тых стартах занялі толькі 13 месца. “Ня ведаю, ці рашуся я цяпер на сустрэчу з каралём Нарвэгіі,” – пажартаваў перад журналістамі Карл Густаў, напэўна, маючы на ўвазе, што давядзецца зьняць карону ў прысутнасьці манарха суседняй дзяржавы.
XS
SM
MD
LG