Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 16:42 ]  Іран прапаноўвае ААН правесьці канфэрэнцыю ў справе барацьбы з тэрарызмам


ТЭГЭРАН. Сёньня прэзыдэнт Ірану Мухамэд Хатамі прапанаваў гэнэральнаму сакратару ААН Кофі Анану, які цяпер візытуе ў Іране, правесьці канфэрэнцыю Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў у справе бацьбы з тэрарызмам. Хатамі лічыць, што ААН ёсьць адзінай міжнароднай арганізацыяй, якая можа кваліфікаваць паняцьце тэрарызму і ўзначаліць эфэктыўную антытэрарыстычную кампанію. Міністар замежных справаў Ірану Камаль Каразі сказаў што Іран усур’ёз запабягае перамяшчэньню баявікоў тэрарыстычнай сеткі Аль-Кайда на тэрыторыю краіны. Каразі абвергнуў абвінавачаньні з боку ЗША, што Іран умешваецца ва ўнутраныя справы Афганістану, асабліва ў пытаньні ўзбраеньня афганскіх вайсковых групаў. Анан сказаў, што ён верыць, што Іран цалкам супрацоўнічае з ААН і кіраўніком часовага ўраду Афганістану Хамідам Карзаем. Ён падкрэсьліў, што роля Тэгерану ў адбудове Афганістану надзвычай патрэбная. У часе візыту Анана каля 20 асобаў, пераважна сем’і палітычных вязьняў спрабавалі перадаць ліст кіраўніку ААН, у якім прасілі ўзяць пад увагу парушэньні правоў чалавека ў Іране. Паліцыя адцясьніла групу удзельнікаў акцыі ад ААНаўскага будынку.
XS
SM
MD
LG