Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 03:47 ]  Палястынскія ўлады заклікалі ЗША вярнуць на Блізкі Усход свайго адмысловага пасланца


ЕРУЗАЛІМ. Палястынскія ўлады заклікалі ЗША вярнуць на Блізкі Усход свайго адмысловага пасланца Энтані Зіні, каб распачаць рэалізацыю прапановаў па забесьпячэньні міру з Ізраілем. Зіні пакінуў рэгіён у сярэдзіне гэтага месяцу, калі ўзмацнілася палястынска-ізраільская напружанасьць. Тады Вашынгтон заявіў, што ён вернецца на Блізкі Ўсход толькі пасьля таго, як зьменіцца да лепшага сытуацыя з выкананьнем умоваў замірэньня. Учора палястынскі лідэр Ясір Арафат зноў заявіў, што ізраільскі прэм’ер-міністар Арыэль Шарон не жадае дасягеньня міру з палястынцамі. Арафат гэтак адказаў на заяву Шарона, што паміж Ізраілем і палястынцамі ня будзе ніякіх дыпляматычных перамоваў, пакуль канчаткова ня будуць спыненыя тэрарыстычныя атакі на ізраільцаў. Ізраіль зьняў аблогу горада Бітлеема на Заходнім беразе Ярдану, але абмежаваньні на перамяшчэньне палястынцаў у іншых раёнах захоўваюцца. Ізраільскія вайскоўцы застрэлілі ўчора ў Паласе Газа ўзброенага мужчыну, датычнага да экстрэмісцкай групоўкі “Іслямскі Джыгад”. Ізраіль паведамляе, што гэты чалавек падазраваўся ў падрыхтоўцы да самагубчага тэракту. У горадзе Рамалах на Заходнім беразе Ярдану пяцёра палястынцаў былі параненыя ў часе сутычак зь ізраільскімі вайскоўцамі.
XS
SM
MD
LG