Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 02:39 ]  Ізраіль пагадзіўся зрабіць паслабленьні для перамяшчэньняў палястынцаў у Паласе Газа


ЕРУЗАЛІМ. Ізраіль пагадзіўся зрабіць некаторыя паслабленьні для перамяшчэньняў палястынцаў у Паласе Газа. На ўчорашніх перамовах прадстаўнікоў ізраільскіх і палястынскіх службаў бясьпекі ў Эрэцы ізраільскі бок пагадзіўся зноў адчыніць мяжу ў Рафаху паміж Паласой Газа і Эгіптам, а таксама дазволіць палястынцам адбудоўваць лётнішча ў Газе, якое было пашкоджанае ізраільскімі ўзброенымі сіламі. У сераду адзін палястынец быў забіты зь ізраільскага гэлікоптэру падчас сутычак на Заходнім Беразе Ярдану. Ізраільскія войскі ўвайшлі ў палястынскую вёску Азун. Ізраільцы арыштавалі 17 асобаў, падазраваных у тэрарызме, у тым ліку, 5 мясцовых паліцыянтаў. Тым часам, міністар замежных справаў Ізраілю Шымон Пэрэс, які знаходзіцца ў Кіеве, заявіў, што ізраільска-палястынскія стасункі пакрысе паляпшаюцца пасьля таго, як яны былі амаль на нулявым роўні. Ізраільскія вайсковыя ўлады таксама паведамілі, што яны здымаюць аблогу палястынскага гораду Ерыхон, але іншыя палястынскія гарады Заходняга берагу ракі Ярдан па-ранейшаму аточаныя арміяй Ізраілю. Між тым, прадстаўнік тэрарыстычнай арганізацыі “Іслямскі джыгад” Нафес Азам заявіў, што галоўнае цяпер – гэта адзінства палястынцаў, але арганізацыя не дазволіць, каб дзеяньні Ізраілю супраць палястынцаў былі пакінутыя без адказу.
XS
SM
MD
LG