Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 16:11 ]  Спэцслужбы ЗША вядуць допыты паланёных баявікоў Аль-Кайды


КАНДАГАР. Супрацоўнікі Фэдэральнага бюро рассьледваньняў і Цэнтральнай разьвед-управы ЗША вядуць допыты паланёных баявікоў Аль-Кайды з мэтай высьветліць, дзе знаходзіцца лідар гэтай тэрарыстычнай арганізацыі Ўсама бін Лядэн. Допыты ідуць на ваеннай базе ЗША ля Кандагару, а таксама на адным з баявых вадаплаваў ЗША ў Індыйскім акіяне. Паводле намесьніка міністра абавроны ЗША Пола Вульфавіца, пакуль што палонныя не падалі якой-небудзь пэўнай інфармацыі. Мяркуецца, што сярод іх ёсьць і камандзіры Аль-Кайды. На ўсходзе Афганістану ў гарах Тора-Бора працягваюцца актыўныя пошукі баявікоў. Адмысловыя аддзелы ЗША, сумесна зь мясцовымі афганскімі аддзеламі дасьледуюць комплекс падземных сховішчаў і бліжэйшыя раёны. Учора Вульфавіц папярэдзіў, што краіны, якія дадуць прытулак Усаму бін Лядэну, чакаюць самыя жорсткія захады з боку ЗША: “Я думаю, што кожная краіна сьвету, якая дасьць прытулак Усаму бін Лядэну, паступіць неразумна. Я думаю, што яны зразумелі, што здарылася з Талібанам і, я думаю, што гэта будзе вельмі добрым урокам для людзей, які засьцеражэ іх ад такой памылкі”. Сказаў Пол Вульфавіц.
XS
SM
MD
LG