Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 05:19 ]  Ізраіль разрывае ўсялякія кантакты зь Ясірам Арафатам


ТЭЛЬ-АВІЎ. Сёньня раніцай пасьля нарады ў Тэль-Авіве Кабінэт бясьпекі Ізраілю абвесьціў пра сваё рашэньне даць адказ на ўчорашнія напады палястынцаў, у выніку якіх былі забітыя 10 ізраільцаў і каля 35 параненыя. Кабінэт бясьпекі Ізраілю заявіў, што лідэр Палястынскай аўтаноміі Ясір Арафат “непасрэдна нясе адказнасьць” за шэраг нападаў на Ізраіль і таму зь ім разрываюцца ўсялякія кантакты. Ужо ўчора ўвечары Ізраіль распачаў шэраг карных апэрацыяў, скіраваных перадусім супраць палястынскіх уладаў. Ізраільскія ваенныя самалёты нанесьлі ўдары па некалькіх участках у Паласе Газа і Наблузе, на Заходнім Беразе -- ў тым месцы, дзе ўчора палястынцы з засады напалі на аўтобус. Адначасова два палястынскіх тэрарысты-самазабойцы падарвалі сябе ў гэбрайскім пасяленьні Гуш Катыф і паранілі чатырох ізраільцаў. Палястынскія ўлады адхілілі абвінавачаньні Ізраілю ў адказнасьці Арафата за тэрарыстычныя акты. Ізраільскі кабінэт бясьпекі таксама паведаміў, што ізраільскае войска ў хуткім часе будзе разгорнутае на Заходнім Беразе Ярдану і ў Паласе Газа з мэтай правядзеньня арыштаў і канфіскацыі зброі. Паведамляецца, што сёньняшняй ноччу ізраільскія гэлікоптэры абстралялі будынкі, дзе месьцяцца палястынскія ўлады, -- у горадзе Рамалах на Заходнім Беразе. У прыватнасьці – нанесены удар па штаб-кватэры Арафата. Паводле палястынскіх афіцыйных асобаў, Арафат пакінуў будынак незадоўга да абстрэлу. Пра ахвяры зьвестак няма. Інфармацыйныя агэнцыі пачалі распаўсюджваць інфармацыю, што ізраільскія танкі скіроўваюцца ў бок Рамалаху і лягэру ўцекачоў Рафах.
XS
SM
MD
LG