Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 04:16 ]  Амэрыка ня схільная да перамоваў пра капітуляцыю талібаў


ВАШЫНГТОН. Міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд заявіў, што Амэрыка ня хоча, каб лідэр Талібану мула Мухамад Амар ці байцы Аль-Каіды пазьбеглі правасудзьдзя праз перамовы наконт капітуляцыі. Рамсфэлд сказаў, што ЗША ня схільныя весьці перамовы пра капітуляцыю. Ён таксама заявіў, што Злучаныя Штаты ня ў стане прымаць палонных, таму што маюць адносна малую колькасьць наземных сілаў у Афганістане. Рамсфэлд прызнаў, што ЗША ня могуць кантраляваць перамовы з апазыцыйнымі лідэрамі. Але ён сказаў, што Амэрыка выкарыстоўвае ўвесь свой уплыў, каб не дапусьціць любых пагадненьняў, якія дазволілі б зьбегчы сілам Аль-Каіды ці замежным сябрам Талібану. Некаторыя талібскія камнадзіры ў Кундузе, як паведамляецца, прапанавалі спыніць баі, калі ім дазволяць мірна пакінуць асаджаны горад. Афганскае ісьлямскае агенцтва прэсы паведаміла, што байцы Талібану заявілі Паўночнаму альянсу пра сваё жаданьне, каб іхні бясьпечны выхад з гораду гарантавала ААН. Прэзыдэнт ЗША Джордж Буш заявіў, што сетка вакол Усамы бін Лядэна – галоўнага падазронага ў тэрарыстычных атаках супраць Амэрыкіі -- робіцца ўсё больш шчыльнаю. Але Буш сказаў, што знайсьці бін Лядэна – гэта цяжкае заданьне.
XS
SM
MD
LG