Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 04:14 ]  ААН зьбярэ ў Бэрліне канфэрэнцыю пра новы афганскі ўрад


НЬЮ-ЁРК. Намесьнік сталага прадстаўніка Расеі ў ААН Генадзь Гацілаў заявіў, што арганізаваная пры падтрымцы ААН канфэрэнцыя што да пераходнага ўраду ў Афганістане можа адбыцца набліжэйшымі выходнымі ў Бэрліне. ААН жадае, каб прадстаўнікі афганскіх этнічных групаў сустрэліся ў суботу й паспрабавалі хутка сфармаваць пераходны ўрад, які заменіць рэжым Талібану. Дыпляматы кажуць, што галоўны пасланьнік ААН у справах Афганістану Лахдар Брагімі можа абвесьціць месца й дату канфэрэнцыі на сёньняшнім закрытым паседжаньні ўсіх 15 сяброў Рады Бясьпекі ААН. Афганскі Паўночны альянс зьвярнуўся да ААН з просьбай знайсьці прадстаўнікоў найбольшай этнічнай групы Афганістану – пуштунаў, зь якімі альянс мог бы правесьці перамовы наконт новага ўраду. Пра гэта заявіў Міністар замежных справаў Паўночнага альянсу Абдула Абдула. Адмысловы пасланьнік ААН у справах Афганістану Франчэск Вэндрэл сустрэўся ў Кабуле з афганскімі лідэрамі ды абмеркаваў зь імі пытаньні часу й месца правядзеньня канфэрэнцыі ў справе фармаваньня новага ўраду краіны. Вэндрэл таксама меў сустрэчы з кіраўніком Паўночнага альянсу Бурганудзінам Рабані й спэцыяльным пасланьнікам ЗША Джэймсам Добінсам, дзе абмяркоўваліся пляны стварэньня кааліцыйнага ўраду Афганістану. Добінс заявіў, што Паўночны альянс пагадзіўся з прапановамі ААН наконт часу і месца канфэрэнцыі, якая можа пачацца ўжо пры канцы гэтага тыдня ў Нямеччыне. Пакістан сёньня папярэдзіў Паўночны альянс, які кантралюе цяпер сталіцу Кабул, каб той не ўсталёўваў свой уласны рэжым у Афганістане.
XS
SM
MD
LG