Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 20:31 ]  Камандзіры Талібану ў асаджаным Кундузе гатовыя здацца


Кабул. Надыходзяць паведамленьні, што некаторыя камандзіры Талібану ў асаджаным паўночным афганскім горадзе Кундуз гатовыя здацца сілам Паўночнага альянсу. Агентцва Асашыэйтыд Прэс цытуе аднаго з камандзіраў Паўночнага альянсу Махідулу, які заявіў, што Талібан прапанаваў капітуляцыю, калі альянс гарантуе, што талібскія байцы неафганскага паходжаньня ня будуць забітыя, і калі назіраць за капітуляцыяй будуць прадстаўнікі ААН. Міністар унутраных справаў Паўночнага альянсу Юніс Кануні сказаў агенцтву Франс Прэс, што некаторыя з каманзіраў Талібану прапанавалі здацца без усялякіх умоваў. Гэтыя паведамленьні было немажліва пацьвердзіць зь незалежных крыніцаў. Тым часам амэрыканскія вайсковыя самалёты сёньня наносілі ўдары па талібскіх пазыцыях вакол Кундузу, апошняга бастыёну Талібану ў паўночным Афганістане. Самалёты скідвалі бомбы на горы, дзе схаваліся талібскія байцы, -- каля Ханабаду, што знаходзіцца на адлегласьці 20 кілямэтраў ад Кундузу. Афганскае ісьлямскае агенцтва прэсы паведаміла пра рэйды авіяцыі ЗША на досьвітку ва ўсходняй правінцыі Нангархар, пасьля якіх, паводле мясцовых уладаў, было забіта прынамсі 30 чалавек. Пра баі ў асаджаным горадзе Кандагары на поўдні Афганістану сёньня не паведамлялася. Правадыры мясцовых плямёнаў зноў спрабавалі дамовіцца пра мірную капітуляцыю гэтага бастыёну талібаў.
XS
SM
MD
LG