Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 20:28 ]  Прастора для перамяшчэньняў бін Лядэна скарачаецца


Вашынгтон. Дзяржаўны сакратар ЗША Колін Паўэл заявіў, што кіраўнік Аль-Каіды Усама бін Лядэн, мажліва, усё яшчэ знаходзіцца ў Афганістане, але прастора для яго перамяшчэньняў усё больш скарачаецца. Паўэл сказаў тэлеканалу Фокс Ньюс, што ня бачыў дадзеных выведкі, што меркавала б пра выезд з Афганістану бін Лядэна, якога абвінавачваюць у арганізацыі атакаў на ЗША ў верасьні. Паўэл заявіў, што для бін Лядэна становіцца ўсё больш складана хавацца, бо ўсё большая тэрыторыя вызваляецца ад кантролю Талібану. Дзяржсакратар ЗША сказаў, што ўвесь сьвет лічыць бін Лядэна забойцам ды ізгоем і што гэты баевік савудаўскага паходжаньня ня знойдзе сабе бясьпечнага прытулку ў любой краіне, якая мяжуе з Афганістанам. На пытаньне пра тое, ці ёсьць сьведчаньні наконт спробаў бін Лядэна атрымаць ядзерную зброю, Паўэл адказаў, што ня думае, што бін Лядэн мае такую зброю або блізкі да валоданьня ёю. У Лёндане міністар унутраных справаў Вялікае Брытаніі Дэвід Бланкет заявіў сёньня, што тэрарыстычная пагроза ад прыхільнікаў бін Лядэна ёсьць большаю, чым калі-небудзь, нягледзячы на каляпс кіраваньня Талібану. Бланкет сказаў тэлебачаньню Бі-Бі-Сі, што паранены й загнаны ў кут тыгр больш небясьпечны.
XS
SM
MD
LG