Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 07:36 ]  Прэзыдэнт Буш лічыць, што Амэрыцы патрэбная сыстэма супрацьракетнай абароны


ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш лічыць, што тэрарыстычныя напады 11 верасьня пацьвярджаюць ягоную думку, што Амэрыцы патрэбная сыстэма супрацьракетнай абароны і што Дамова аб антыбалістычных ракетах ужо састарэла. Учора ўвечары на прэсавай канфэрэнцыі ў Белым Доме Бушу было зададзенае пытаньне, ці было б дарэчным аднабакова выйсьці з антыракетнай дамовы цяпер, калі Расея выступае з дапамогай Злучаным Штатам у іх вайне супраць міжнароднага тэрарызму. Расея выступае супраць скасаваньня дамовы, цьвердзячы, што гэты крок мог бы спрычыніць новую гонку ўзбраеньняў. Буш назваў дамову непатрэбным рэліктам Халоднай Вайны, які «выйшаў з моды» і «састарэў». Учора ўвечары Буш сказаў, што ён ня можа дачакацца сустрэчы з расейскім прэзыдэнтам Пуціным на наступным тыдні. Ён зьбіраецца папрасіць Пуціна ўявіць сабе сьвет, у якім тэрарысты маюць ракеты са зброяй масавага зьнішчэньня. Буш непасрэдна ня даў адказу на пытаньне, ці Злучаныя Штаты выйдуць з дамовы аднабакова насуперак расейскім пратэстам, а толькі зазначыў, што нядаўнія тэрарыстычныя напады прадэманстравалі неабходнасьць новай сыстэмы бясьпекі. Прэзыдэнт Буш таксама запэўніў амэрыканскі народ, што ягоны ўрад робіць усё магчымае, каб абараніць яго ад далейшых тэрарыстычных нападаў. Паводле Буша, амэрыканскае войска робіць усё магчымае, каб нэўтралізаваць у Афганістане арганізацыю «Аль-Ка’іда» і рух Талібан, які кантралюе бальшыню тэрыторыі краіны. Ён зазначыў, што калі б талібы вырашылі выдаць бін Лядэна, ён бы перагледзеў патрэбу ў ваеннай апэрацыі, распачатай у мінулую нядзелю.
XS
SM
MD
LG