Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 06:42 ]  Амэрыканская авіяцыя нанесла новыя ўдары па базах тэрарыстаў у Афганістане


ВАШЫНГТОН. Амэрыканская авіяцыя нанесла новыя ўдары па базах тэрарыстаў у Афганістане і па аб’ектах руху Талібан. Сьведкі ў афганскай сталіцы Кабуле паведамляюць, што сёньня на сьвітаньні бомбы выбухалі каля лётнішча і на ўскраінах гораду. Увесь горад патанае ў цемры бо ўлады загадалі адключыць электрычнасьць. * Тым часам амэрыканскія афіцыйныя асобы, якія пажадалі застацца неназванымі, паведамілі, што падчас першага амэрыканска-брытанскага налёту ў нядзелю былі забітыя двое блізкіх родных лідэра талібаў Мулы Мухамада Амара. Талібскія крыніцы нічога пра гэта не паведамляюць. * Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш сустрэўся ўчора ў Белым Доме з генэральным сакратаром НАТО Джорджам Робэртсанам і выказаў удзячнасьць за дапамогу з боку Альянсу ў барацьбе зь міжнародным тэрарызмам. У рамках антытэрарыстычнай кампаніі для абароны амэрыканскай паветранай прасторы НАТО пачынае разгортваць радарныя самалёты АВАКС. Прэзыдэнт Буш з гэтай нагоды сказаў: «Сёньня краіны НАТО аб’ядналіся ў шырокай кампаніі супраць тэрору. Брытанія дзейнічае поплеч з намі ў Афганістане. Краіны НАТО дзеляцца выведнымі зьвесткамі, каардынуюць праваахоўныя дзеяньні і наносяць удар фінансавай сыстэме тэрарыстычных арганізацыяў». * Злучаныя Штаты таксама ўзмоцнілі намаганьні ў пошуку падазраваных тэрарыстаў, апублікаваўшы сьпіс 22 найбольш шуканых злачынцаў і паабяцаўшы шчодрую ўзнагароду за іх затрыманьне. У сьпіс увайшлі Усама бін Лядэн, два ягоныя намесьнікі і некалькі іншых тэрарыстаў зь сеткі «Аль-Ка’іда», якія мелі дачыненьне да ранейшых антыамэрыканскіх актаў.
XS
SM
MD
LG