Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 06:32 ]  Прэзыдэнт Буш паабяцаў, што вінаватыя ў тэрарыстычных нападах будуць пакараныя незалежна ад таго, колькі на гэта запатрабуецца часу


ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш паабяцаў, што вінаватыя ў тэрарыстычных нападах мінулага месяца будуць пакараныя незалежна ад таго, колькі на гэта запатрабуецца часу - «адзін дзень, адзін месяц, адзін год або цэлае дзесяцігодзьдзе». Паводле Буша, тэрарысты мусяць зразумець, што ён наважаны прыцягнуць іх да адказнасьці. Міністар абароны Злучаных Штатаў Доналд Рамсфэлд паведаміў, што ў выніку паветраных удараў па Афганістане сыстэме супрацьпаветранай абароны талібаў была нанесеная такая шкода, што цяпер амэрыканскія налёты могуць адбывацца практычна ў любы час. Ад мінулай нядзелі Злучаныя Штаты разам зь Вялікабрытаніяй наносяць удары па аб’ектах руху Талібан і тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Ка’іда», кіраванай Усамам бін Лядэнам. Учора налёты адбываліся і ў сьветлы час дня, а ўначы быў праведзены трэці начны рэйд. Тым часам прадстаўнік «Аль-Ка’іды» Суляйман Бу Гайт у перададзеным праз катарскі тэлеканал «Аль-Джазіра» выступе заявіў, што ягоная арганізацыя будзе змагацца з Амэрыкай «ўсімі магчымымі сродкамі». Ён заклікаў мусульманаў усяго сьвету да джыгаду або сьвятой вайны супраць Амэрыкі і назваў джыгад «абавязкам кожнага мусульманіна». «Аль-Джазіра» не паведамляе, калі быў зроблены запіс выступу. Раней Злучаныя Штаты абвінавацілі гэты тэлеканал у даваньні трыбуны экстрэмістам.
XS
SM
MD
LG