Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 06:47 ]  Злучаныя Штаты правялі новую сэрыю паветраных удараў па Афганістане ў рамках вайны з тэрарызмам


ВАШЫНГТОН. Злучаныя Штаты правялі новую сэрыю паветраных удараў па Афганістане ў рамках вайны з тэрарызмам. Другая сэрыя ўдараў распачалася ўчора ўвечары. Паведамляецца, што ўдары працягваліся і сёньня раніцай, у сталіцы Афганістану Кабуле чуліся гучныя выбухі і агонь зэнітнай артылерыі. Сёньняшнія ўрады былі скіраваныя супраць радараў на кабульскім лётнішчы. Пра шкоду або ахвяры не паведамляецца. Афіцыйнае інфармацыйнае агенцтва талібаў паведамляе, што сёньняшнія ўдары былі нанесеныя па гарадох Мазары-Шарыф і Кундуз на поўначы, Джалалабад на ўсходзе і Кандагар на поўдні Афганістану. Міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд паведаміў пра посьпех у зьнішчэньні аб’ектаў супрацьпаветранай абароны талібаў. Аднак ён зазначыў, што пакуль што зарана, каб мець пэўныя зьвесткі пра зьнішчэньне талібскіх камандна-кантрольных пунктаў. Першая сэрыя ўдараў пачалася ўвечары ў нядзелю. У ёй бралі ўдзел 20 самалётаў і ваеныя караблі. Мэтамі ўдараў былі сухаземныя сілы і лягеры падрыхтоўкі тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Ка’іда». Пра страты з амэрыканскага боку зьвестак няма. Талібы паведамляюць пра 20 забітых у выніку ўдараў, аднак гэтая лічба ня можа быць пацьверджаная зь незалежных крыніцаў. Выступаючы ў Белым Доме, прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш сказаў, што найлепшая абарона супраць глябальнага тэрарызму – гэта глябальная вайна зь ім. «Разам мы буздем супрацьстаяць пагрозе тэрарызму. Мы будзем ужываць моцныя засьцерагальныя захады, каб запабегчы тэрарыстычным нападам, і будзем рыхтавацца да дзейснага адказу, калі яны паўторацца», - заявіў прэзыдэнт Буш.
XS
SM
MD
LG