Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 06:42 ]  Злучаныя Штаты ўчора ўвечары правялі другую сэрыю паветраных удараў па Афганістане


ВАШЫНГТОН. Злучаныя Штаты ўчора ўвечары правялі другую сэрыю паветраных удараў па Афганістане ў рамках вайны з тэрарызмам. Міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд паведаміў пра посьпех у зьнішчэньні аб’ектаў супрацьпаветранай абароны талібаў. Аднак ён зазначыў, што пакуль што зарана, каб мець пэўныя зьвесткі пра зьнішчэньне талібскіх камандна-кантрольных пунктаў. Першая сэрыя ўдараў пачалася ўвечары ў нядзелю. У ёй бралі ўдзел 20 самалётаў і ваенныя караблі. Мэтамі ўдараў былі сухаземныя сілы і лягеры падрыхтоўкі тэрарыстычнай арганізацыі «Аль-Ка’іда». Пра страты з амэрыканскага боку зьвестак няма. Талібы паведамляюць пра 20 забітых у выніку ўдараў, аднак гэтая лічба ня можа быць пацьверджаная зь незалежных крыніцаў. Бамбаваньне суправаджалася скіданьнем пакетаў з гуманітарнай дапамогай для жыхароў Афганістану. Выступаючы ў Белым Доме, прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш сказаў, што найлепшая абарона супраць глябальнага тэрарызму – гэта глябальная вайна зь ім. «Разам мы будзем супрацьстаяць пагрозе тэрарызму. Мы будзем ужываць моцныя засьцерагальныя захады, каб запабегчы тэрарыстычным нападам, і будзем рыхтавацца да дзейснага адказу, калі яны паўторацца», - заявіў прэзыдэнт Буш. У Лёндане брытанскі міністар абароны Джоф Гун сказаў, што паветраныя ўдары праўдападобней будуць працягвацца «некалькі дзён, а ня некалькі тыдняў». У нядзелю брытанскія збройныя сілы разам з амэрыканскімі ўдзельнічалі ва ўдарах па афганскіх ваенных аб’ектах. Злучаныя Штаты афіцыйна папярэдзілі Раду Бясьпекі Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў, што антытэрарыстычныя апэрацыі могуць не абмежавацца тэрыторыяй Афганістану. У адмысловай заяве гаворыцца, што ўдары па талібах былі актам самаабароны ў адпаведнасьці з Хартыяй ААН і што Злучаныя Штаты пакідаюць за сабой права нанесьці ўдары па тэрарыстах і за межамі Афганістану.
XS
SM
MD
LG