Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

[ 18:44 ]  Усясьветныя лідары падтрымалі пачатак ваенных удараў Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі па аб’ектах у Афганістане


ПРАГА. Сёньня усясьветныя лідары падтрымалі пачатак ваенных удараў Злучаных Штатаў і Вялікай Брытаніі па аб’ектах у Афганістане. Каардынатар Эўразьвязу ў пытаньнях зьнешняй палітыкі Гаўер Салана сказаў, што эўрапэцы сустрэлі гэтую падзею з разуменьнем. “Рэакцыя Злучаных Штатаў і некаторых іншых краінаў была законным дзеяньнем у справе пошуку адказных за тэрарыстычную атаку 11 верасьня. Гэтае дзеяньне падтрымлівае Эўрапэйскі Зьвяз і яго разумее насельніцтва Эўропы”. Сёньня ж Францыя прапанавала Злучаным Штатам пэўную ваенную падтрымку. Прэзыдэнт Леанід Кучма сказаў, што Ўкраіна падтрымлівае акцыю ЗША і Вялікай Брытаніі, але ня будзе браць у ёй удзелу ў якасьці ваеннай сілы. Прэзыдэнт Славаччыны Рудольф Шустар выказаў поўную падтрымку ЗША і прапанаваў дыпляматычную, эканамічную і ваенную дапамогу. Міністар замежных справаў Літвы Антанас Валёніс і прэзыдэнт Эстоніі Ленарт Мэры таксама падтрымалі антытэрарыстычную вайну ў Афганістане.
XS
SM
MD
LG