Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 07:37 ]  Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія распачалі ваенную апэрацыю супраць тэрарыстычнай арганізацыі падазраванага ў тэроры Усамы бін Лядэна і афганскага руху Талібан


ВАШЫНГТОН. Учора ўвечары Злучаныя Штаты і Вялікая Брытанія распачалі ваенную апэрацыю супраць тэрарыстычнай арганізацыі падазраванага ў тэроры Усамы бін Лядэна і афганскага руху Талібан. Узброеныя сілы ЗША і Вялікай Брытаніі нанесьлі ракетныя ўдары па пазыцыях талібаў і лягэрах тэрарыстаў на тэрыторыі Афганістану. Міністар абароны ЗША Доналд Рамсфэлд паведаміў, што ў апэрацыі задзейнічаныя як ваенна-паветраныя, гэтак і ваенна-марскія сілы. Паводле Рамсфэлда, мэта ўдараў – зьнішчыць сыстэму супрацьпаветранай абароны талібаў і іхныя самалёты. Міністар абароны ЗША паведаміў, што з амэрыканскіх і брытанскіх баявых караблёў і падводных лодак па тэрыторыі Афганістану былі выпушчаныя 50 ракет. У апэрацыі таксама ўдзельнічаюць 15 бамбавальнікаў і 25 зьнішчальнікаў, якія блякавалі паветраную прастору Афганістану. Цягам некалькіх гадзінаў двойчы бамбавалася сталіца Афганістану – Кабул. Паступаюць паведамленьні, што заатакаваныя вайсковыя аб”екты ў Кабуле, Кандагары і Джалалабадзе. Паводле інфармацыі тэлекампаніі Сі-Эн-Эн, разбураны цэнтар кіраваньня палётамі аэрапорту ў Кандагары.Іслямскае інфармацыйнае ангенства паведамляе з Пакістану са спасылкай на прадстаўнікоў руху Талібан, што пад ударамі аказаліся раёны каля кабульскага лётнішча і паўночныя раёны гораду. Паводле паведамленьня Афганскага Іслямскага Інфармацыйнага Агенства, каля 20 чалавек былі забітыя ў Кабуле падчас амэрыканска- брытанскіх удараў. Паводле агенства, якое знаходзіцца ў Пэшэвары (Пакістан), 10 чалавек забітыя каля Кабульскага лётнішча, а іншыя 10 забітыя каля офісу радыёстанцыі “Голас Шарыяту” ў цэнтры Кабулу. Гэтыя ўдары сталіся першым ваенным адказам Злучаных Штатаў на тэрарыстычныя напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон 11 верасьня.
XS
SM
MD
LG