Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 07:10 ]  Апошнія паведамленьні ў справе наступстваў тэрарыстычных нападаў


* Амэрыканскі прэзыдэнт Джордж Буш сказаў, што Злучаныя Штаты працягваюць жорсткае паляваньне за тымі, хто дапамог выканаць тэрарыстычныя напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон. Тым часам пашырыліся паведамленьні, што амэрыканскія і брытанскія спэцаддзелы ўжо дзейнічаюць у Афганістане, спрабуючы знайсьці лідэра тэрарыстаў Усаму бін Лядэна. Буш і іншыя афіцыйныя асобы адмовіліся камэнтаваць гэтыя паведамленьні. * Улады Злучаных Штатаў аддалі публічнасьці рукапісны дакумэнт на чатырох старонках, знойдзены ў рэчах захопнікаў самалётаў, якія ўчынілі тэрарыстычныя напады. Ліст, напісаны па-арабску, зьмяшчае мусульманскія малітвы і інструкцыі. * Дэлегацыя пакістанскіх духовых асобаў наведала Афганістан, дзе правяла перамовы з талібамі. Спробы пераканаць талібаў пагадзіцца на амэрыканскае патрабаваньне выдаць бін Лядэна і зьнішчыць усе тэрарыстычныя сеткі ў Афганістане закончыліся беспасьпяхова. Лідэр талібаў Мула Мухамад Амар заявіў, што краіны, якія будуць дапамагаць Злучаным Штатам у любой магчымай ваеннай акцыі супраць Афганістану, будуць разглядацца талібамі як ворагі. * Дзяржаўны Дэпартамэнт Злучаных Штатаў пацьвердзіў, што намесьнік дзяржсакратара Джон Болтан аб’яжджае краіны Сярэдняй Азіі з мэтай каардынацыі антытэрарыстычных дзеяньняў у рэгіёне. * Улады Злучаных Штатаў і краінаў Эўропы паведамляюць пра далейшыя посьпехі ў расьсьледаваньні тэрарыстычных наадаў. Брытанскія ўлады паведамілі пра арышт грамадзяніна Альжыру, які падазраецца ў тым, што даваў лётны інструктаж некаторым з захопнікаў самалётаў. Амэрыканскія і эўрапейскія праваахоўныя ворганы засяроджваюць сваю ўвагу на невялікай групе людзей з Ангельшчыны, нямеччыны і Аб’еднаных Арабскіх Эміратаў, якія, як мяркуецца, дапамаглі арганізаваць напады 11 верасьня. Да гэтага моманту ў справе аб нападах ужо было арыштавана больш за 480 чалавек.
XS
SM
MD
LG