Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 07:14 ]  Джордж Буш з трыбуны Кангрэсу ЗША пакляўся, што ён выкарыстае ўсе рэсурсы, каб перамагчы глябальны тэрарызам і заклікаў вайскоўцаў "быць гатовымі"


ВАШЫНГТОН. Прэзыдэнт Злучаных Штатаў Джордж Буш запатрабаваў, каб кіруючы ў Афганістане рух Талібан выдаў Усаму бін Ладэна і ўсіх падазраваных у тэрарызме актывістаў арганізацыі Аль Каэда, якой кіруе бін Ладэн. Выступаючы ў Кангрэсе ЗША мінулай ноччу, Буш запатрабаваў, каб Талібан дэмантаваў усе тэрарыстычныя сеткі ў Афганістане, зачыніў лягеры тэрарыстаў і забясьпечыў Злучаным Штатам доступ да гэтых лягераў, каб ЗША былі пэўнымі, што яны больш не функцыянуюць. Таксама Джордж Буш выставіў патрабаваньне, каб Талібан вызваліў ўсіх замежных грамадзянаў, якія зьняволеныя ў Афганістане. Буш заявіў, што гэтыя патрабаваньні не падлягаюць абмеркаваньню. Паводле Буша, усе факты сьведчаць, што арганізацыя бін Ладэна адказная за зьдзейсьненыя на мінулым тыдні тэрарыстычныя напады на Нью-Ёрк і Вашынгтон. Буш заявіў, што Талібан абавязаны выдаць усіх тэрарыстаў, інакш яго чакае той жа лёс, што і тэрарыстаў. Прэзыдэнт заявіў, што ЗША асуджаюць рэжым Талібану. Джордж Буш перасьцярог усе краіны сьвету, што яны пастаўленыя перад выбарам: ці яны з Амэрыкай, ці яны супраць Амэрыкі ў вайне супраць міжнароднага тэрарызму. Буш заклікаў амэрыканцаў захоўваць спакой і быць рашучымі, бо іх чакае доўгая кампанія барацьбы супраць тэрарызму. “Мае дарагія суайчыньнікі! У апошнія дзевяць дзён увесь сьвет убачыў нас як дзяржаву нашага адзінства і ў гэтым ёсьць нашая сіла”, -- пад воплескі кангрэсмэнаў заявіў прэзыдэнт ЗША Джордж Буш” “Ці мы пакараем нашых ворагаў, ці яны пакараюць нас. У кожным разе -- суд адбудзецца,” – заявіў Джордж Буш. Ён пакляўся, што выкарыстае “ўсе рэсурсы”, каб перамагчы глябальны тэрарызам і заклікаў вайскоўцаў “быць гатовымі”. Кожная дзяржава, якая будзе хаваць ці падтрымліваць тэрарыстаў , будзе разглядацца Злучанымі Штатамі як варожы рэжым. Прэзыдэнт ЗША падкрэсьліў, што ён не ладзіць кампанію супраць ісьляму. Зьвяртаючыся з трыбуны Кангрэсу ЗША да ўсіх мусульманаў сьвету, Джордж Буш заявіў: “Мы паважаем вашую веру. Яе свабодна спавядаюць мільёны амэрыканцаў і грамадзянаў тых краінаў, якіх Амэрыка лічыць сваімі сябрамі. Яна вучыць дабру і міру. А тыя, хто робяць зло ад імя Алаха, багахульнічаюць над імем Алаха.” Джордж Бушў абвесьціў пра стварэньне ведамства ўнутранай бясьпекі, якое б каардынавала дзейнасьць фэдэральных і штатных агенстваў з мэтай абароны амэрыканцаў ад тэрарыстычных нападаў. Кіраўніком новага ведамства прызначаны цяперашні губэрнатар штату Пэнсыльванія Том Рыдж.
XS
SM
MD
LG