Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 18:24 ]  . Урады ўсяго сьвету ганяць учорашнія тэрарыстычныя атакі на Злучаныя Штаты і выказваюць спачуваньні


ПРАГА. Урады ўсяго сьвету ганяць учорашнія тэрарыстычныя атакі на Злучаныя Штаты і выказваюць спачуваньні. Расея і Ізраіль абвесьцілі пра падвышаную боегатовасьць на выпадак магчымых тэрарыстычных акцыяў. Канцлер Нямеччыны Гэрхард Шродар заявіў пра “бясконцую салідарнасьць” з Вашынгтонам. “Учорашнія атакі ў Нью-Ёрку і Вашынгтоне – гэта ня толькі атакі супраць Злучаных Штатаў. Яны – абвешчаньне вайны супраць усяго цывілізаванага сьвету. Гэта – безсэнсоўнае зьнішчэньне бязьвінных жыцьцяў, падрывае асновы нашай цывілізацыі”. Тэрарыстычныя акты зганьбавалі таксама генэральны сакратар Арганізацыі Аб’еднаных Нацыяў Кофі Анан, а таксама Папа Ян Павал Другі. “Сёньня мая сардэчная любоў з народам Злучаных Штатаў, які ўчора зазнаў жорсткія тэрарыстычныя атакі, ахвярамі якіх сталі тысячы бязьвінны людзей і якія прынесьлі невыказальнае гора” Партнэры Злучаных Штатаў па НАТА выказалі салідарнасьць з народам ЗША. Кіраўніцтва Паўночна-Атлянтычнай супольнасьці назвала атакі на Нью-Ёрк і Вашынгтон недапушчальным гвалтам, які падкрэсьліў патрэбу ўсяго цывілізаванага сьвету ва ўзмацненьні барацьбы з тэрарызмам. Ізраіль, таксама як і Сірыя, Іран, Лівія, Ярданія і Саўдаўская Арабія – зганілі атакі тэрарыстаў. Кіраўніцтва афганскага руху Талібан таксама выказалася супраць учорашніх тэрактаў. Арганізацыя Іслямская Канфэрэнцыя ў якую ўваходзяць 57 краінаў мусульманскага сьвету зганіла тэракты як зьявы, якія супярэчаць ісляму. У той самы час на палестынскіх тэрыторыях натоўпы віталі тэракты, а дзяржаўнае тэлебачаньне Іраку назвала тэракты “плёнам” злачынстваў Злучаных Штатаў супраць чалавецтва.
XS
SM
MD
LG