Лінкі ўнівэрсальнага доступу

[ 07:15 ]  Расея занепакоеная эскаляцыяй гвалту на Блізкім Усходзе


МАСКВА. Як заявіў міністар замежных справаў Расеі Ігар Іваноў, Расея занепакоеная тым, што, паводле ягоных словаў, «яшчэ большая трагедыя» можа здарыцца на Блізкім Усходзе, калі ня спыніцца эскаляцыя гвалту паміж Ізраілем і палестынцамі. Гэтую заяву Іваноў зрабіў у Маскве напярэдадні чатырохдзённага візыту ў Расею ізраільскага прэм’ер-міністра Арыэля Шарона. Шарон прыбудзе ў Маскву сёньня, а ў аўторак сустрэнецца з прэзыдэнтам Расеі Пуціным. Іваноў выказаў гатовасьць наведаць блізкаўсходні рэгіён, калі б Расея магла дапамагчы ў спыненьні гвалту. Расея і Злучаныя Штаты супольна апякуюцца блізкаўсходнім мірным працэсам, аднак ужо доўгі час галоўную ролю ў ім адыгрываюць ЗША. Ізраіль абвергнуў інфармацыю аб сваім дачыненьні да сьмерці высокапастаўленага службоўца палестынскіх сілаў бясьпекі ў горадзе Газа. Тайсір Хатаб загінуў учора, калі ў ягоным аўтамабілі выбухнула бомба. Палестынскія ўлады паведамляюць, што Ізраіль вёў пэрсанальнае паляваньне на Хатаба. Адна палестынская жанчына была забітая і яшчэ чатыры параненыя ў выніку выбуху таксі ўчора ўвечары каля мястэчка Тулькарэм. Прычыны выбуху невядомыя.
XS
SM
MD
LG