Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 1 ЧЭРВЕНЯ


Ул. інф.

Cёньня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Міжнародны дзень абароны дзяцей. У зьвязку з гэтым самыя разнастайныя календары згадваюць мудрыя словы старажытнага Піфагора: “Беражыце сьлёзы вашых дзяцей, каб яны маглі праліваць іх на вашай магіле”. Ёсьць і больш блізкія да нас у часе і прасторы сэнтэнцыі. Да прыкладу, народны пісьменьнік Беларусі Янка Брыль напісаў, што “Адносіны да дзяцей – беспамылковая мера духоўнай вартасьці чалавека”.

Сёньня спаўняецца 200 гадоў з дня нараджэньня Міхала Глінкі, кампазытара, заснавальніка расейскай клясычнай музыкі. Паходзіў Міхал Глінка са старажытнага беларускага шляхецкага роду. Адзін зь ягоных продкаў Віктарын Глінка атрымаў у падарунак ад караля Ўладзіслава IV маёнтак у Смаленскім ваяводзтве. Гэта было ў тыя часы, калі Смаленшчына разам зь цяперашняй Беларусяй складала адну краіну – Вялікае Княства Літоўскае. Дык вось, пасьля таго, як Смаленск перайшоў да Расеі, Віктарын Глінка узяў расейскае падданства і стаў заснавальнікам расейскае галіны роду. Натуральна, гэта ня стала перашкодай таму, каб самая славутая опэра Міхала Глінкі “Жыцьцё за цара” атрымала сталую прапіску ў Менскім опэрным тэатры. Праўда, называлася яна ў савецкія часы па-іншаму – “Іван Сусанін”.

Яшчэ адна круглая дата сёньняшняга дня – 170 гадоў ад нараджэньня Канстанціна Вераніцына, забытага пісьменьніка, аўтара клясычнай у беларускай літаратуры паэмы “Энеіда навыварат”. Гэтая паэма яшчэ ня так даўно лічылася ананімнай. Аднак літаратуразнавец Генадзь Кісялёў, правёўшы грунтоўнае дасьледаваньне, даказаў аўтарства Вераніцына.

Сёньня спаўняецца 105 гадоў Сяргею Пясецкаму, аўтару папулярнага раману “Каханак Вялікай Мядзьведзіцы”, і 50 гадоў празаіку, драматургу і перакладчыку Алесю Асташонку.

А яшчэ першы дзень лета – гэта дзень нараджэньня знакамітай акторкі Мэрылін Манро, якая стала адным з сымбаляў Амэрыкі, і дзень першага этэру амэрыканскага тэлеканалу CNN, які ведаюць і глядзяць па ўсім сьвеце.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG