Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЯШЧЭ 5 ЖЫХАРОЎ ЛАТВІІ ПАЦЯРПЕЛІ АД ПРАДУКЦЫІ “БЕЛМЭДПРЭПАРАТАЎ”


Юры Сьвірко, Менск

У Латвіі ўжо зарэгістравана 5 ахвяраў беларускага “Цытрамону П”, у якім небясьпечная прымесь выклікае рэзкае зьмяншэньне ўзроўню цукру ў крыві. Пра такую колькасьць шпіталізаваных паведаміў у панядзелак дырэктар рыскага цэнтру мэдыцыны катастрофаў Мартыньш Шыцс. А прэсавая сакратарка Міністэрства аховы здароўя Латвіі Зайга Барвіда заявіла, што пасьля спыненьня продажу ўсіх беларускіх таблетак і абнародаваньня заклікаў вяртаць “Цытрамон П” у аптэкі афіцыйная Рыга нічога новага не прадпрымала:

(Барвіда: ) “Мы рыхтуем дакумэнты, каб паінфармаваць праз амбасаду і Міністэрства замежных справаў беларускіх калегаў. Але пакуль што іншых захадаў мы не зрабілі”.

Спадарыня Барвіда ўдакладніла, што Латвія яшчэ не паведаміла беларускаму боку нумар рахунку, на які трэба пералічыць каля 20 тысяч даляраў кампэнсацыі за выпадкі атручваньня беларускім “Аскафэнам П”. Тады захварэлі 24 жыхары Латвіі.

У менскіх аптэках патлумачылі, што літара “П” у назьве лекаў значыць прысутнасьць парацэтамолу замест асьпірыну. У дзяжурнай аптэцы на праспэкце Скарыны насупраць КГБ “Цытрамону П” не было — прадаваўся толькі “Цытрамон-Барымэд”, зроблены ў Барысаве. Загадчыца аптэкі Вольга Гаўрылава сказала, што ніхто з пакупнікоў на цытрамон ня скардзіўся, і кіраўніцтва аптэкаў ніякіх захадаў бясьпекі не рабіла:

(Гаўрылава: ) “Што вы тут? Ідзеце ў нашае ўпраўленьне і высьвятляйце — Веры Харужай, 11. Я сама чула, што гэта была памылковая трывога”.

Купляючы ў Цэнтральнай гарадзкой аптэцы Менску на вуліцы Леніна ўпакоўку з шасьці таблетак “Цытрамон П” за 80 рублёў, я спытаўся ў аптэкаркі, ці ведае яна, што ў Латвіі людзі пацярпелі ад такіх самых таблетак. І вось які адказ атрымаў:

(Аптэкарка: ) “Там быў не цытрамон, а параскафэн”.

То бок гісторыю з папярэднімі атручваньнямі ў менскіх аптэках ведаюць. Але загадчыца Цэнтральнай гарадзкой аптэкі прызналася Радыё Свабода, што пра небясьпеку цытрамону пачула ўпершыню:

(Загадчыца: ) “Я сама яго ўжываю. Не заўважала. Калі па сэрыі праходзіла інфармацыя, дык, натуральна, сэрыю забіралі з продажу. Я думаю, што наконт тае сэрыі, пра якую ішла інфармацыя тады з Прыбалтыкі, канкрэтна тая сэрыя забіралася й там разьбіраўся завод”.

Гэтыя словы загадчыцы аптэкі пацьвердзіла супрацоўніца Рэспубліканскай кантрольна-аналітычнай лябараторыі Валянціна Цімошына, якая правярала “Бемэдпрэпараты” пасьля скандалу з аскафэнам. Спадарыня Цімошына кажа, што тая партыя на беларускі рынак трапіць не магла:

(Цімошына: ) “У іх маркіроўка на латыскай мове. У нас маркіроўка на расейскай мове. Выпускаюцца яны асобнымі партыямі. Адначасова прадукцыя на ўсе рынкі не выпускаецца. Ня трэба, так бы мовіць, узбуджаць насельніцтва і казаць, што ўсімі лекамі можна атруціцца. Гэта жудасны выпадак, але гэта ўсё ж такі выпадак канкрэтны”.

Тым часам памянялася форма ўласнасьці “Белмэдпрэпаратаў”. Як паведаміў прэсавы сакратар Вышэйшага гаспадарчага суду Павал Чарамісаў, у панядзелак будзе гатовае рашэньне, прынятае судом яшчэ 26 траўня, аб скасаваньні дзяржаўнай рэгістрацыі адкрытага акцыянэрнага таварыства “Белмэдпрэпараты”. Суд паводле пазову пракуратуры скасаваў рашэньне 1995 году пра акцыянаваньне гэтага прадпрыемства.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG