Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ПАЧЫНАЕЦА ВАХТА ЛЯ БРАМЫ ЗАЧЫНЕНАГА ЛІЦЭЮ


Любоў Лунёва, Менск

Пасьля выпускнога балю раніцай выкладчыкі, ліцэісты і іх бацькі сабраліся на вуліцы Кірава ля брамы ліцэю. У двор ніхто не пайшоў. Дырэктар ліцэю Ўладзімер Колас выказаў усім падзяку:

(Колас: ) “Сёньня мы сабраліся тут, каб адзначыць завяршэньне навучальнага года. Учора ў нас была вечарына. Гэта крыху раней, чым у астатніх школах, але ж у нас і сытуацыя зусім іншая. Мы падзякавалі ўсім ліцэістам за абсалютна выдатныя і, шчыра кажучы, крыху нечаканыя посьпехі, якіх яны дасягнулі, здаючы экзамэны экстэрнам. Такім чынам мы адзначылі безумоўную нашу перамогу гэтага году выпрабаваньняў і яшчэ раз пацьвердзілі, што выбар, які мы зрабілі, абсалютна правільны”.

Навучэнец трэцяга курсу Франак Вячорка — старшыня вучнёўскай рады. Ён распавёў Радыё Свабода пра заплянаваныя мерапрыемствы ля будынку ліцэю:

(Вячорка: ) “Мяркуецца, штодня тут будуць пяць-сем чалавек папросту прынцыпова дзяжурыць. Яны будуць глядзець за ліцэем, за парадкам, а калі зноў будуць нейкія дзеяньні ў разбурэньні нашага будынку, то клікаць усіх астатніх, каб ладзіць акцыі і пратэставаць супраць разбурэньня нашага будынку. Мы не губляем надзеі, і спадзяюся, калі-небудзь вернемся сюды і тут зноў пачнуцца нашы заняткі”.

Ліцэісты далучацца да акцыі бацькоў з 15 чэрвеня, калі здадуць усе экзамэны. Франак Вячорка распавёў, што навучэнцы цягам двух месяцаў будуць ладзіць іншыя акцыі ў падтрымку ліцэю. Яны разьлічваюць, што грамадзкасьць паўплывае на ўлады, каб спыніць перасьлед унікальнай навучальнай установы.

У некалькіх месцах на будынку зьбіты тынк. На першым паверсе пабітыя шыбы, з вуліцы відаць парты і крэслы. Дзеці на рамах замацавалі белыя і чырвоныя балёнікі. Гаворыць ліцэіст Павал Супаненка:

(Павал: ) “Цэлы год мы вучымся ў падпольлі, у непрыстасаваных для гэтага памяшканьнях. Як бачым, з будынкам нічога ня сталася — яго ніхто не рамантуе. Які быў напачатку году, такі і застаўся дагэтуль. Абляпілі з аднаго боку нейкім тынкам дзіўным і ўсё. Трымаюць там нейкіх вахцёраў ды яшчэ нейкіх дзеячоў. Ня ведаю, што з гэтым будынкам будзе — будзе так і стаяць, ці зь ім нешта зробяць нарэшце. Мяркую, што калі-небудзь улада зьменіцца і ўсё будзе добра”.

У двары ліцэю і на вуліцы Кірава было некалькі дзясяткаў міліцыянтаў у форме і ў цывільным. Яны не разганялі ліцэйскага сходу, а толькі назіралі за прысутнымі. Кіраўнік аддзелу гарадзкога ўпраўленьня міліцыі палкоўнік Сяргей Гірэль так адказаў Радыё Свабода на пытаньне “Чаму сёньня столькі міліцыянтаў на гэтым месцы?”:

(Гірэль: ) “Прыйшлі павіншаваць усіх са сьвятам Дня абароны дзяцей. Здароўя мамам, усім бацькам і тым жа дзецям”.

Выкладчыкі падсумавалі вынікі здачы навучэнцамі экстэрнату. Яны прыйшлі да высновы, што ў школах дзеці атрымалі адзнакі вышэйшыя за тыя, якія ім паставілі ў часе ўнутраных ліцэйскіх экзамэнаў. Цяпер у ліцэі ідуць уступныя экзамэны. Нягледзячы на экстрэмальную сытуацыю, многія бацькі выказалі жаданьне аддаць сваіх дзяцей вучыцца на першы курс.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG