Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 28 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

Сёньня ў беларускай традыцыі ўшаноўваецца сьвяты Пахом. Пахом – казалі нашыя продкі – павее цяплом.

А яшчэ сёньня ў Беларусі афіцыйна адзначаецца Дзень памежніка. Гэта яшчэ савецкае сьвята, якое прыпадае на 28 траўня таму, што менавіта ў гэты дзень у 1918 годзе Ленін падпісаў дэкрэт пра стварэньне памежнай аховы. У савецкія часы 28 траўня вуліцы беларускіх гарадоў рабіліся зялёныя ад фуражак маладых вэтэранаў з усяго Саюзу. Праўда, ані да беларускай дзяржавы, ані да аховы яе межаў і незалежнасьці тыя памежнікі ня мелі ніякага дачыненьня. Як, зрэшты, і сам гэты Дзень памежніка, што пачаўся зь ленінскага дэкрэту.

28 траўня 1987 году ў Маскве проста на Краснай плошчы прызямліўся самалёт маладога нямецкага лётчыка Маціяса Руста, які адзін паставіў пад сумнеў расейскую памежную дактрыну пра тое, што мяжа ў СССР – на замку. Руст тады атрымаў 4 гады турмы, зь якіх адседзеў крыху менш за год.

28 траўня ў 1961 годзе ў Лёндане была створаная праваабарончая арганізацыя “Міжнародная амністыя”. Заснаваў яе юрыст Пітэр Бэнэнсон, які выступіў у абарону двух партугальскіх студэнтаў, што атрымалі па сем гадоў турмы за прамоўлены ў рэстарацыі тост “За свабоду!” З тых часоў “Міжнародная амністыя” ўважліва сочыць за парушэньнем правоў чалавека па ўсім сьвеце, асабліва ў тых краінах, дзе ўжываецца сьмяротная кара і дзе заканадаўства не адпавядае міжнародным прынцыпам дэмакратыі і свабоды.

І яшчэ дзьве даты палітычнае гісторыі. 28 траўня 1918 году абвясьцілі пра сваю дзяржаўную незалежнасьць Азэрбайджан і Арменія. У абедзьвюх краінах сёньня – найважнейшае дзяржаўнае сьвята. Беларусь у гэтым кантэксьце выглядае парадаксальна, бо ў нас такое самае сьвята – Дзень Волі 25 сакавіка – лічыцца апазыцыйным, а не дзяржаўным. Пры гэтым кіраўнік Беларусі віншуе сваіх калегаў – прэзыдэнтаў Азэрбайджану і Арменіі – зь іхным Днём Волі.

Цяпер – пра каляндар заўтрашняе суботы.

29 траўня ў Беларусі традыцыйна ўшаноўваецца Магдалена. “Магдалена, – казалі нашыя продкі, – зязюльку прысылае”.

Што да славутых людзей, з чыім лёсам зьвязаны дзень 29 траўня, дык найперш згадаю Яўхіма Лялевеля – выкладчыка гісторыі Віленскага ўнівэрсытэту, які выгадаваў цэлую кагорту паўстанцаў 1931 году. Сам прафэсар Лялевель браў чынны ўдзел у тым паўстаньні за незалежнасьць ад расейскага царызму. Вось чаму пасьля задушэньня паўстаньня ён мусіў жыць за межамі Беларусі, у Парыжы і Брусэлі. Там ён пісаў працы з гісторыі і культуры нашага краю. А памёр Лялевель акурат у такі самы дзень 29 траўня ў 1861 годзе. Ён пахаваны ў Вільні на знакамітых могілках Роса.

І яшчэ адзін слынны беларус пакінуў гэты сьвет 29 траўня – у 1970 годзе. Гэта Мікола Абрамчык, які быў прэзыдэнтам Рады Беларускае Народнае Рэспублікі на эміграцыі ажно 23 гады.

А спаміж тых, хто нарадзіўся 29 траўня, згадаем Гілбэрта Кіта Чэстэртона, ангельскага пісьменьніка і паэта, якога цяперашнія чытачы найлепей ведаюць як аўтара дэтэктываў, што прыдумаў свайго героя-сьледчага – айца Браўна.

Таксама 29 траўня нарадзіўся наймалодшы ў гісторыі прэзыдэнт ЗША Джон Фіцджэралд Кенэдзі. Але было яму пасьля выбараў 44 гады – усё адно болей, чым першаму і адзінаму пакуль прэзыдэнту Рэспублікі Беларусі, якога абралі ў 42. Калі працягваць параўнаньне двух кіраўнікоў, дык пабачым, што малады Кенэдзі прыйшоў на прэзыдэнцкую пасаду зь вялікім досьведам у палітыцы. Ажно тры тэрміны дэпутацтва ў амэрыканскім Кангрэсе, пасьля – пасада сэнатара. Праўда, пабыў Кенэдзі прэзыдэнтам усяго два гады, бо загінуў ад кулі забойцы.
XS
SM
MD
LG