Лінкі ўнівэрсальнага доступу

МЕНЧУКІ НЯ ХОЧУЦЬ БЯСПЛАТНА ДОБРАЎПАРАДКОЎВАЦЬ ГОРАД


Юлія Шарова, Менск

З гэтым пытаньнем я зьвярнулася да мінакоў каля сталічнай мэрыі. Мае суразмоўцы ў асноўным казалі, што Лукашэнка ня мае рацыі: добраўпарадкаваньне Менску павінна рабіцца за дзяржаўныя грошы і ніяк не на грамадзкіх асновах.

(Спадарыня: ) “Я лічу, што за дзяржаўныя грошы трэба прыводзіць сталіцу ў парадак. Альбо за кошт тых людзей, якія нармальна зарабляюць”.

(Спадар: ) “Цяпер людзі ня пойдуць, менавіта на такіх асновах, бо кожны заняты сваім, кожны шукае сабе працы, кожны думае, як пракарміць сваю сям’ю”.

(Другі спадар: ) “Для гэтага ёсьць падаткі, каб прыводзіць горад у парадак”.

(Спадарыня: ) “Я як гісторык магу вам сказаць, што мы даўно не ў васемнаццатым стагодзьдзі, калі сялянаў зганялі на талокі на рамонт дарогаў”.

Але знаходзіліся і тыя, каму ідэя грамадзкіх працаў на карысьць гораду падаецца цалкам абгрунтаванай.

(Карэспандэнтка: ) “Калі б вам прапанавалі пайсьці й зрабіць нешта бясплатна, вы б зрабілі гэта для гораду?”

(Спадарыня: ) “Так, канечне. Думаю, што трэба неяк упарадкоўваць вуліцы, каб горад чыстым быў”.

(Спадар: ) “Калі суботнікі ладзім, то талака добрай справай была ўсё жыцьцё”.

(Другі спадар: ) “Я б, напэўна, не пайшоў. Хоць, магчыма, і ёсьць людзі, якія пайшлі бы”.

(Трэці спадар: ) “Так, чаму б і не?”

Некаторыя з апытаных мінакоў казалі, што з ахвотай бясплатна папрацавалі бы, але толькі там, дзе самі жывуць. Фарбаваць чужыя платы ці рамантаваць чужыя дамы яны ня хочуць.

(Спадарыня: ) “Я папросту жыву ў прыватным доме, я сама гэта раблю, бо мяне хвалюе, як выглядае мой дом. А калі бы я жыла ў самім Менску, то я бы, канечне, дом не фарбавала”.

(Студэнтка: ) “Сэсія…”

(Карэспандэнтка: ) “Няма калі? А ў часе вакацыяў?”

(Студэнтка: ) “У часе вакацыяў я ежджу дадому. Дома я пакапалася б. Тут — не”.

(Спадарыня: ) “Напэўна, каля свайго інтэрнату пагадзілася б”.

Іншыя папросту ня бачаць у грамадзкіх працах без усялякага грашовага ўзнагароджаньня карысьці. На думку маіх суразмоўцаў, якія прытрымліваюцца такога меркаваньня, такія працы трэба даручаць прафэсіяналам.

(Спадар: ) “Я лічу наагул, што кожны павінен займацца сваёй справай. Кожную справу трэба рабіць прафэсійна, а тое што я зраблю… На суботнік яшчэ я дапускаю — прыбраць тэрыторыю...”

(Другі спадар: ) “Камунальныя службы павінны працаваць, каб прыводзіць Менск у парадак. У прынцыпе, у цэнтры яно і так няблага, а вось там, на ўскрайках і ў раёнах можна было бы і паболей”.

(Карэспандэнтка: ) “Але вы не пайшлі бы рамантаваць дзіцячую пляцоўку ў сваім двары, у свой вольны час і за свае грошы?”

(Спадар: ) “Наўрад ці”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG