Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КРОЛ: “КАЛІ АМЭРЫКАНСКІ БІЗНЭС ПАЛІЧЫЦЬ УМОВЫ ПРЫМАЛЬНЫМІ, ЁН ПРЫЙДЗЕ Ў БЕЛАРУСЬ”


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

На прэсавай канфэрэнцыі амбасадар Джордж Крол перад усім распавёў пра свае добрыя ўражаньні ад удзелу у міжнародным фэстывалі духоўнай музыкі “Магутны Божа”.

(Крол: ) “Фэстываль “Магутны Божа” – цудоўны. Асабліва наша амэрыканская сьпявачка Кока Ёрк, якая выступала з посьпехам і мы, канечне, вельмі ганарымся гэтым”.

Амэрыканскі амбасадар лічыць, што ўдзелам у магілёўскім фэстывалі прадэманстраваная прыхільнасьць усталяваньню больш шчыльных сувязяў паміж ЗША і Беларусьсю.

Між тым, у сустрэчах з кіраўніцтвам вобласьці і гораду, паведаміў амбасадар Крол, абмяркоўваліся перад усім магчымасьці эканамічнага супрацоўніцтва. Магілёўскія ўлады выказалі сваю зацікаўленасьць у прыцягненьні ў эканоміку рэгіёну амэрыканскіх інвэстыцыяў. Джордж Крол адказаў, што амэрыканскі бізнэс – гэта прыватны бізнэс, які шукае для інвэстыцыяў тыя краіны, дзе найлепшыя ўмовы і нізкі ўзровень рызыкі.

(Крол: ) “І калі амэрыканскі бізнэс палічыць цяперашнія ўмовы прымальнымі, то ён прыйдзе працаваць у Беларусь незалежна ад таго, будзе яго прасіць пра гэта амэрыканскі ўрад альбо не”.

На працягу свайго афіцыйнага візыту амбасадар Крол сустракаўся ня толькі з уладамі, але і з прадстаўнікамі недзяржаўных арганізацыяў і палітычных партыяў. Наконт дачыненьняў абодвух бакоў, амбасадар адзначыў, што грамадзкія праблемы – супольныя, і ў гэтым ён бачыць глебу для супрацоўніцтва і пошукаў паразуменьня.

(Крол: ) “Амэрыка імкнецца падтрымліваць разьвіцьцё дэмакратычных працэсаў у Беларусі, якія палягаюць не ў падтрымцы адной партыі перад іншай, а ў адкрытым абмеркаваньні пытаньняў, якія стаяць перад грамадзтвам і правядзеньні свабодных выбараў”.

Амбасадар Крол на прэсавай канфэрэнцыі ў Магілёве сказаў, што ЗША падзяляюць заклапочанасьць праваабарончай арганізацыі “Міжнародная амністыя”, якая ўчора прэзэнтавала сваю штогадовую справаздачу і скрытыкавала ў ёй сытуацыю ў Беларусі.

(Крол: ) “Так, урад Злучаных Штатаў выказваў такую заклапочанасьць у шматлікіх выпадках: і урад, і амбасада заклапочаныя некаторымі падзеямі, якія маюць месца ў Беларусі”.

Амбасадар Крол адзначыў, што сытуацыя з правамі чалавека зьяўляецца сур’ёзнай перашкодай на шляху паляпшэньня узаемадачыненьняў Беларусі са Злучанымі Штатамі ды іншымі краінамі. Гэтыя пытаньні, сказаў Джордж Крол, ён уздымае ў сваіх размовах зь беларускім урадам.

(Крол: ) “Я пастаянна падкрэсьліваю, што толькі калі беларускі ўрад сур’ёзна паставіцца да пераадоленьня, вырашэньня гэтых пытаньняў, пэрспэктывы для паляпшэньня нашых адносінаў будуць не такімі абмежаванымі. І такой палітыка Злучаных Штатаў Амэрыкі застаецца ўжо амаль дзесятак гадоў”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG