Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ НАВЕДАЛА БЭРЛІН


Валер Каліноўскі, Менск

На сустрэчы ў Бэрлін былі запрошаныя 12 прадстаўнікоў народнай кааліцыі “Пяцёрка плюс”, 4 сябры “Эўрапейскай кааліцыі” і 4 дэпутаты Палаты прадстаўнікоў з групы “Рэспубліка”. У сераду ўвечары яны сустракаліся ў Бундэстагу з кіраўніком фракцыі ХДС-ХСС па пытаньнях замежнай палітыкі, з кіраўніком нямецка-беларускай парлямэнцкай групы Утай Цапф, іншымі парлямэнтарамі, прадстаўнікамі нямецкіх палітычных партыяў, праваабаронцамі, журналістамі.

Сёньня раніцай беларускую дэлегацыю прыняў статс-сакратар Міністэрства замежных справаў Нямеччыны Клаус Шарыёт. Паводле аднаго з удзельнікаў сустрэчы, лідэра Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі, перамовы вызначаліся вельмі высокай ступеньню канкрэтнасьці:

(Лябедзька: ) “Мы зрабілі прэзэнтацыю нашых пяці крокаў Эўрапейскага зьвязу па дэмакратызацыі Беларусі, улічваючы, што Нямеччына — адзін з галоўных сябраў Эўразьвязу, і многае ў іх выкананьні залежыць ад пазыцыі Бэрліна. І ён вельмі дакладна адказаў на ўсе пяць прапановаў, сфармуляваўшы да іх пазытыўныя адносіны. За выключэньнем адкрыцьця афіцыйнага прадстаўніцтва Эўрапейскага зьвязу ў Беларусі. Пакуль на гэтым этапе ёсьць пэўныя праблемы, — сказаў ён. А ўсё астатняе, што датычыць палітычнага супрацоўніцтва, спэцыяльнай праграмы па Беларусі, узроўню кантактаў з афіцыйнымі ўладамі, то да гэтага — пазытыўныя адносіны”.

Клаус Шарыёт лічыць немагчымым пакуль адкрываць прадстаўніцтва Эўразьвязу ў Менску, каб не даваць падставаў дзейнаму беларускаму ўраду для нейкіх спэкуляцыяў.

Падсумоўваючы вынікі амаль тыднёвага візыту беларускай апазыцыі Эўропу, калі супалі важныя візыты ў Брусэль і Бэрлін, Анатоль Лябедзька зазначыў:

(Лябедзька: ) “Натуральна, што гэта невыпадкова. У вялікай палітыцы такіх выпадковых сустрэчаў проста не бывае. Зразумела, што гэта ў пэўнай ступені выклік для афіцыйнага Менску, таму што ўзровень сустрэчаў надзвычай высокі. Такую планку беларускія ўлады пры ўсіх сваіх намаганьнях не змаглі пераадолець за 10 гадоў. Гэта дэманстрацыя ўвагі да краіны, да Беларусі. Гэта пэўны знак для эўрапейскай пэрспэктывы для Беларусі, і гэта шанец для нас, што і Эўропа, і Нямеччына гатовыя працаваць з апанэнтамі беларускага рэжыму”.

Анатоль Лябедзька паведаміў, што апрача сустрэчаў зь вядомымі эўрапейскімі палітыкамі й дзеячамі, падчас гэтых візытаў беларускай апазыцыі ўдалося знайсьці адпаведных людзей і для сталага штодзённага супрацоўніцтва.


Гл. таксама
• БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ СУСТРЭЛАСЯ З ХАЎЕРАМ САЛЯНАМ
• БЕЛАРУСКАЯ АПАЗЫЦЫЯ СУСТРАКАЕЦЦА З КІРАЎНІЦТВАМ ЭЎРАЗЬВЯЗУ
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG