Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 27 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

Сёньняшні дзень у беларускай традыцыі носіць імя Сідара. “Прыйшлі Сідары – прыйшлі і сіверы” – такую народную прыказку надрукаваў у 1934 годзе віленскі часопіс “Шлях моладзі”.

Цяпер – пра слынных асобаў, зь імёнамі якіх зьвязаны гэты дзень у гісторыі.

27 траўня 1871 году ў Парыжы быў расстраляны вэрсальцамі Кастусь Далеўскі. Родам ён са знакамітай у свой час у Беларусі шляхецкай сям’і ў Лідзкім павеце. У часе паўстаньня Каліноўскага Кастусь Далеўскі быў камандзірам атраду на Ковеншчыне. Пасьля паразы паўстанцаў здолеў перабрацца ў Францыю, дзе пасябраваў зь Яраславам Дамброўскім і далучыўся да парыскіх камунараў. Гэтак і загінуў, баронячы справу свабоды, якой прысьвяціў усё сваё нядоўгае жыцьцё – меў 34 гады.

27 траўня 1900 году ў вёсцы Макашы каля чыгуначнай станцыі Гарадзея пад Нясьвіжам нарадзіўся Ўладзімер Жылка, выдатны беларускі паэт. Усё ягонае жыцьцё прайшло на колах. У Менску ён браў удзел у Першым Усебеларускім кангрэсе. У Вільні друкаваў свае вершы. У Дзьвінску вучыўся ў гімназіі, а працягваў вучобу ў Праскім унівэрсытэце. Перабраўшыся ва ўсходнюю, гэта значыць, савецкую Беларусь, працаваў у газэтах і ў пэдагагічным тэхнікуме, але ў 1931 годзе быў арыштаваны савецкімі карнымі органамі – за ўдзел у Саюзе вызваленьня Беларусі ад бальшавікоў – і сасланы за тры тысячы кілямэтраў – у сыбірскі горад Уржум, дзе неўзабаве памёр. Там і цяпер ёсьць ягоная магіла.

І яшчэ адзін паэт нарадзіўся 27 траўня. Гэта Антон Бялевіч. Родам ён зь вёскі Дуброўка на Вузьдзеншчыне. Сёньня Бялевічу спаўняецца 90 гадоў. Распавядаюць, што быў ён вялікім жартаўніком і дасьціпнікам. Гэтак нібыта на сваёй магіле Бялевіч прасіў напісаць эпітафію: “Ён кінуў піць, бо сьпіць...” Так гэта ці не, але яшчэ адно сьведчаньне бурлівай вуснай творчасьці беларускіх паэтаў ва ўмовах савецкай цэнзуры мы, дзякуючы яму, маем.

А яшчэ сёньня адзначаюць дзень нараджэньня Генры Кісынджэр, адзін з архітэктараў амэрыканскай замежнай палітыкі, ляўрэат нобэлеўскай прэміі міру, і Валеры Панамароў, беларускі кінарэжысэр, які экранізаваў творы беларускае літаратурнае клясыкі: п’есу Янкі Купалы “Тутэйшыя” і аповесьць Васіля Быкава “На чорных лядах”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG