Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТРАКЕЛІ


Віталь Сямашка, Тракелі

(эфір 24 траўня)


З Тракеляў я ад’яжджаў крыху зьніякавелы – было ўражаньне, што шматлікія інтэрвію ўзяў ня я ў месьцічаў, а яны ў мяне. І пытаньне з пытаньняў — чаму настолькі прыніжанымі пачуваюцца жыхары гэтага геаграфічна найвышэйшага пункту Воранаўшчыны?! Гэтым жа адчуваньнем падзяліліся на прыпынку са мной студэнты — вандроўнікі зь Белдзяржунівэрсытэту культуры Галіна Транза ды Адам Шостак, якія некалькі дзён вывучалі тут мастацкія рамёствы ды прыехалі ўгледзецца ў славуты абраз Маці Боскай Тракельскай у тутэйшым касьцеле Найсьвяцейшай Марыі Панны. Абраз, скамбінаваны з палатна ды мэталу, тройчы палаў за паўтысячагодзьдзя свайго існаваньня. Але дагэтуль на ім захаваліся семдзесят каштоўных камянёў, і, як цьвердзяць шматлікія пілігрымы з розных краінаў, ён валодае цудатворнай сілай — лекуе пашкоджаныя суставы рук ды ног. Але не саміх тракельцаў, лічаць і мае знаёмцы Галя ды Адам:

(Галя: ) “Можна сказаць пра месьцічаў, што на іх псыхалёгію ўплывае тое, што яны знаходзяца ў безвыходным становішчы. Моладзі ўзросту 20–25 гадоў няма чым заняцца”.

(Адам: ) “Адпачынкам, па вялікім рахунку, зьяўляецца толькі гарэлка. І рэальна яны ня бачаць выйсьця з сытуацыі…”

Адразу папярэджу тракельцаў, што слухаюць цяпер Радыё Свабода: сваё абяцаньне я выканаў і свае тлумачэньні ды парады, як яны прасілі, крыху пазьней ім дадуць спэцыялісты — акадэмік Іван Нікітчанка ды экс-прэзыдэнт Беларускага прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук. Хоць дзеля аб’ектыўнасьці заўважу, што малапрыдатнымі дзеля гаспадараньня мясьціны гэтыя лічыліся спрадвеку. Гаварылі мне пра гэта і старшыня сельскагаспадарчага вытворчага каапэратыву “Тракельскі” спадар Кулік, і загадчыца тутэйшага краязнаўчага музэю настаўніца Тарэса Пепір.

(Кулік: ) “Вы самі бачылі і езьдзілі па нашай зямлі — у нас ня тое што малых, вялікіх камянёў немагчыма выбраць. Іх мільёны там, што ўплывае на нашу ўраджайнасьць. На сёньняшні дзень з 3200 гектараў убраць камяні мы ня ў стане. Перапахалі зямлю — няма, наступны год — выцягваем трактарамі. Губляецца ўраджайнасьць да 8 цэнтнэраў з гектару. Скот на прывязі. А мы ня ў стане закупіць угнаеньняў і разьлічваць на ўраджай…”

(Пепір: ) “Мы капаем бульбу матычкамі, таму што вельмі камяністая глеба. Ледавік у нас быў…”

Дагэтуль нікому няўцям, як узьніклі самы Тракелі. Энцыкляпэдыі падаюць, што перасёлаў зь літоўскага мястэчка Тракай завёз віленскі ваявода Марцін Гаштальд. Пра дзьве іншыя, так бы мовіць, “нераскручаныя” вэрсіі памятае хіба 80-гадовы Аляксандар Паўлавіч Пыж, былы дырэктар сярэдняй школы.

(Пыж: ) “Другая вэрсія — перакрыжаваньне дарогаў на Радунь, Горадні, Ліду. Трокі — перакрыжаваньне па-літоўску. Трэцяя вэрсія — пан заўжды спыняўся ў маёнтку ды згубіў трокі ад сядалішча, дзе прывязвалі фураж для каня. І таму — “там, дзе трокі згубленыя”.

Цікавостак у гісторыі мястэчка хапае. Да прыкладу, кажуць, што падмуркі шмат якіх тракельскіх хатаў пабудаваныя на сабачых касьцях. Княгіня Языкава, што валодала мястэчкам у час царскай Расеі, разводзіла тут сабакаў добрага заводу, якім ставіліся трывалыя помнікі зь цясанага камяню. За польскім часам мястэчка падтрымлівалі гандляры-габрэі, якія ладзілі шматлікія кірмашы. Між іншым, тое, як ідуць справы ў гандлі, заўжды ёсьць паказчыкам мясцовага дабрабыту. Заходжу ў адзіную ў Тракелях дзяржаўную краму. Пуста. Нічога дзіўнага, тлумачыць мне дырэктарка Алена Зігмундаўна Кель:

(Кель: ) “Прыйдзе чалавек, купіць пачак цыгарэтаў — гэта лічыцца наведнік?! Вось мы з вамі дваццаць хвілінаў стаім — ніхто не зайшоў!Дадуць грошы за малако — і 30 тысяч у дзень нагандлюем, а так і 165 рублёў быў дзень — ну зусім няма людзей. А трэба па пляну 11 мільёнаў у месяц”.

У краму нарэшце завітала кабета. Не купляць — паглядзець, хто зайшоў. Высьвятляю, што Тарэса Бурч працуе рабочай на зернескладзе. Разьведзеная, мае дачку-студэнтку ды малога сына. Скардзіцца на жыцьцё ды здароўе:

(Бурч: ) “Паехалі на камісію, тэрапэўт кажа: што баліць? Я кажу: пацягай 100 тонаў збожжа за месяц, усё будзе балець. І суставы — усё! Цягаю тыя мяхі адна. Падымаем, пераносім і ў адну кучу складаем. А мяхі па 70 кіляграмаў. Нізкія заробкі — што я за 40 тысяч куплю?! На паляводзтве яшчэ менш. Тысячу на дзень зь нечым выходзіць. Болей ня маю дзе працаваць”.

Як і абяцалася, першы камэнтар член-карэспандэнта АН Беларусі спадара Нікітчанкі. Іван Мікалаевіч шмат гадоў узначальваў Заходняе рэгіянальнае аб’яднаньне тады Ўсесаюзнай акадэміі сельскагаспадарчых навук. Да прыходу Аляксандра Лукашэнкі ініцыяваў тут разьвіцьцё фэрмэрскага руху.

(Нікітчанка: ) “Вы ж бачыце — мізэрны заробак выплачваюць зь вялікай запазычанасьцю. Цяпер у нас у Беларусі адсоткаў 80 насельніцтва працуе на сябе. 91 адсотак бульбы ад валавай вытворчасьці, 84–87 адсоткаў гародніны, малака 68, мяса 57, яек больш чым за палову атрымліваюць самі людзі. Ім ужо на гаспадаркі рукой махнуць. І яны махнулі! Прэзыдэнт абавязвае банкі, прадпрыемствы ўкладваць грошы ў пасяўную і г.д. А ўкладваць няма ў што. Тэхнікі паменшылася ў параўнаньні з 1990 годам у два з паловай разу. Канечне, гэта тэхніка ня справіцца з апрацоўкай зямлі. Тэрміны апрацоўкі глебы, пасеву будуць парушацца. Ураджайнасьць будзе нізкай. А наступнаму пакаленьню спатрэбіцца на пяць гадоў больш часу, пакуль падымецца сельская гаспадарка”.

Тым часам новае пакаленьне тракельцаў, здаецца, свой выбар зрабіла. На школьным стадыёне пытаюся ў выпускніцаў Юлі ды Марыны пра пляны на будучае.

(Дзяўчаты: ) “Я бы хацела паехаць… А я бы мо засталася, але хачу лекарам быць — тут жа бальніцы няма… А я бы хацела ў Вайсковую акадэмію…”

(Карэспандэнт: ) “Карацей, з Тракелямі будучыні ня зьвязваеце?”

(Дзяўчаты: ) “Не… Не…”

Год таму тры сотні былых калгасьнікаў-тракельцаў былі на загад зьверху названыя каапэратарамі ды зьведзеныя ў СВК “Тракельскі”. Ня ведаюць пра гэта 79 тутэйшых бабулек-удоваў, нічога не чакае ад таго і Лявон Лявонавіч Кулік, які, як ён кажа, ужо тры дзесяцігодзьдзі старшыня ды старшына Кулік.

(Кулік: ) “Нічога не чакаем ад гэтага каапэратыву — проста зьмена назвы. Электраэнэргія — 60 мільёнаў запазычанасьці, газ — 180. 120 тонаў бульбы не прадалі. Перабраная ляжыць у сетках. Прыяжджаюць перакупшчыкі і за 170–180 рублёў ня можам зрэалізаваць. Хоць бульба нармальная, вялікая. Прыйдзецца скаціне скармліваць…”

Вы ўжо чулі пра тракельскую зямлю, зь якой, нібы іклы цмока, штогоду вылузваюцца тысячы камянёў. Але Воранаўскія вэртыкальшчыкі штогод жа, бадай, утоптваюць у глебу ўсе пляны ды варыянты выхаду з крызысу. Расказвае спадар Кулік:

(Кулік: ) “Я бачу пэрспэктыву толькі ў мясе ды малочным кірунку. Хаця штодзень даіць малака па 10 літраў! Упраўленьне раённай гаспадаркі даводзіць пляны нам пасеяць 100 гектараў ільну — сеем, 50 гектараў бульбы — садзім. Пшаніца — выкручваюць рукі, каб сеялі па разнарадцы 100 гектараў. І, канечне, атрымаць 25 цэнтнэраў з гектару нявыгадна, трэба хаця бы 40…”

Сытуацыю аналізуе экс-прэзыдэнт Беларускага прафсаюзу працаўнікоў аграпрамысловага комплексу Аляксандар Ярашук:

(Ярашук: ) “Магу сказаць, што гэты варыянт ня дасьць плёну. Пакуль сельская гаспадарка будзе катэгорыяй не эканамічнай, а ідэалягічнай, а менавіта так усё адбываецца, таму што зноў бачым, што засяваецца ўсё да апошняга гектара, каб паказаць, “як выдатна ўсё” — да гэтай пары сельская гаспадарка будзе стратнай. Ужо на працягу пяці апошніх гадоў яна мае мінусавую рэнтабэльнасьць. І гэта азначае, што харчовая бясьпека аказваецца пад пагрозай”.

А цяпер пра самае надзённае і невырашальнае для тракельцаў пытаньне — натуральна, пра зямлю. Але акцэнты ў ім, як кажуць, старыя і маладыя ставяць па-рознаму. Наперад прапусьцім даўгавечніка і першага старшыню сельсавету спадара Пыжа:

(Пыж: ) “Як яе прадаць? Раней бацька купіў — нашчадак застаўся. А як ён будзе яе купляць і якім спосабам набыць тыя грошы?!”

Гэта не пытаньні, адказвае акадэмік Нікітчанка:

(Нікітчанка: ) “Зямлю трэба раздаць — усім! І ня трэба баяцца, што стары не апрацуе яе, п’яніца прап’е — хай прапівае. Яна ўсё роўна будзе купленая. Гаспадарам стары можа здаць у арэнду тым, хто спраўляецца. За кошт арэнднай платы ён будзе не існаваць, але жыць. Гэта па-другое. Па-трэцяе, трэба рэфармаваць сыстэму мясцовага самакіраваньня. Яна павінна клапаціцца аб законнасьці на сяле, сацыяльнай абароне, стане дарогаў. Але каб яны маглі гэта рабіць, ім трэба даць грошы. Дзе яны возьмуць? Увесьці нармальны падатак на зямлю. І гэта павінна паступіць у іх распараджэньне”.

Мо й тады аўтаматычна вырашацца сумневы 38-гадовага Алеся Прахаровіча — бацькі шасьці сыноў ды адной дачкі, які жадаў бы мець уласную зямлю ды пайсьці ў фэрмэры. Вось што ён кажа:

(Алесь: ) “Пры цяперашняй падтрымцы ня пойдзеш, таму што фэрмэраў зажымаюць. Вялікія падаткі, зямлю дадуць, якая ня трэба калгасу. Няма абсталяваньня. Калі будуць даваць пазыкі безадсоткавыя, тэхніку ў крэдыт ці па лізынгу, ня будуць браць падаткаў на працягу пяці гадоў, пакуль станеш на ногі, можна было б узяць…”

Пры дзейсным мясцовым самакіраваньні вырашылася бы і застарэлая тракельская праблема, якая найбольш баліць дырэктару тутэйшай сярэдняй школкі спадару Авіжычу. Праз дарогу ад школы ўжо атыры гады стаіць недабудаваны сельскі клюб — без страхі і з разбуранымі сьценамі. Дзеці, натуральна, не зьвяртаюць увагі на шыльды “Небясьпечна. Забароненая зона.” І вось вынік:

(Авіжыч: ) “Вучні бегаюць у тым клюбе. Адзін упаў з другога паверху і зламаў сабе руку”.

Спадар Авіжыч марыць, што калісьці праблему дапамогуць вырашыць слынныя выпускнікі — генэральны пракурор Беларусі Віктар Шэйман альбо дырэктар Лідзкага піўзаводу спадар Юха. Аднак і дырэктар хутка пераходзіць да больш, на яго думку, надзённага пытаньня, якое, я, дарэчы, чую ў многіх мястэчках Заходняй Беларусі:

(Авіжыч: ) “Трэба, каб богаслужэньне было на беларускай мове, паколькі тут беларуская мова асноўная ў народзе. У нас усе прадметы выкладаюцца па-беларуску.Ніхто нас не вымушае — мы самі. Усе школкі ў нашай мясцовасьці беларускія. Напэўна, палітыка, што нам навязваюць ксяндзоў з Польшчы, не зусім правільная. Прыйдзеш у касьцёл, слухаеш — нічога не разумееш. Малітвы па-польску пачынаюць вучыць, гавораць са скажэньнем…”

Аднак апошняе пытаньне, паводле права вядучага, пакідаю за сабой. У Тракелях, нягледзячы на ўсё, і сёньня ёсьць шматдзетныя сем’і, нават чатыры маці-гераіні. У памянёнага Алеся Прахаровіча, бацькі сямі дзетак, у прысутнасьці жонкі Марыі я запытаў:

(Карэспандэнт: ) “А як вы ў такі час насьмеліліся столькі дзетак завесьці? Самі са шматдзетных сем’яў?”

Марыя сьмяецца.

(Алесь: ) “І ў мяне, і ў яе сем’ях па трое дзяцей. Рашылі: як Бог даў, як была любоў — што ёсьць, тое і павінна быць… У мяне лабатрасаў няма. Можна жыць у Тракелях…”
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG