Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

“МІЖНАРОДНАЯ АМНІСТЫЯ” КРЫТЫЧНА АЦЭНЬВАЕ СЫТУАЦЫЮ Ў БЕЛАРУСІ


Юрась Бушлякоў, Прага

“Міжнародная амністыя” рэзка крытыкуе пазыцыю шэрагу ўрадаў. На думку арганізацыі, “урады трацяць маральныя арыенціры, ахвяруючы ў безагляднай гонцы за бясьпекаю агульнымі каштоўнасьцямі – правамі чалавека”.

Камэнтуючы справаздачу, генэральная сакратарка “Міжнароднай амністыі” Айрын Кан ахарактарызавала рэалізоўваную адміністрацыяй ЗША праграму агульнай бясьпекі як “недальнабачную й беспрынцыпную”.

У справаздачы апісваюцца забойствы мірных грамадзянаў прадстаўнікамі кааліцыйных сілаў і ўзброеных груповак у Іраку. Паводле “Міжнароднай амністыі”, ірацкая вайна “фактычна паралізавала” намаганьні ААН абавязаць краіны сьвету дбаць аб датрыманьні правоў чалавека.

Праваабаронцы канстатуюць, што падзеі ў Іраку забралі ўвагу ад шматлікіх іншых праблем – напрыклад, ад крывавых канфліктаў у Чачэніі й Конга. “Міжнародная амністыя” лічыць, што “апанаваныя пагрозаю ірацкай зброі масавага зьнішчэньня, ўрады выпусьцілі з-пад увагі рэальныя пагрозы й сапраўдныя сродкі масавага зьнішчэньня, такія як адсутнасьць правасудзьдзя й беспакаранасьць, галеча, дыскрымінацыя й расізм, бескантрольны гандаль стралковай зброяй, гвалт у дачыненьні да жанчын і жорсткае абыходжаньне зь дзецьмі”.

Крытычна ацэньвае “Міжнародная амністыя” й сытуацыю з правамі чалавека ў Беларусі. У справаздачы канстатуецца, што расьсьледаваньне зьнікненьняў некалькіх вядомых у Беларусі асобаў спынялася летась без належнага тлумачэньня. Беларускія ўлады закрылі колькі праваабарончых ды іншых няўрадавых арганізацыяў, а таксама прыпынілі выпуск шэрагу незалежных газэт.

Праваабаронцы адзначаюць, што пад перасьлед падпадаў у 2003 годзе беларускі незалежны прафсаюзны рух, і яго лідэраў Аляксандра Ярашука й Аляксандра Бухвостава пазбаўлялі волі. Паводле “Міжнароднай амністыі”, сотні мірных дэманстрантаў аказаліся вязьнямі сумленьня, бо былі затрыманыя выключна за рэалізацыю сваіх правоў на свабоду слова й сходаў.

Праваабаронцы таксама канстатуюць, што беларускія суды працягваюць выносіць сьмяротныя прысуды. “Міжнародная амністыя” прыпамінае, што камітэт ААН у пытаньнях правоў чалавека ахарактарызаваў рэжым сакрэтнасьці, уведзены ў Беларусі на факты сьмяротнага пакараньня, як бесчалавечнае абыходжаньне зь сямейнікамі асуджаных.
XS
SM
MD
LG