Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ШТО ЗАСЬВЕДЧЫЎ ЯЛЦІНСКІ САМІТ?


Валер Карбалевіч, Менск

(Валер Карбалевіч: ) “На перамовах кіраўнікоў чатырох дзяржаваў у Ялце былі зацьверджаныя дакумэнты, якія ўзгодненыя бакамі й ратыфікаваныя парлямэнтамі. У гэтых дакумэнтах зафіксаваныя агульныя прынцыпы і падыходы стварэньня адзінай эканамічнай прасторы (АЭП). Але з досьведу інтэграцыйных працэсаў на тэрыторыі былога СССР вынікае, што праблемы ўзьнікаюць тады, калі краіны пераходзяць ад агульных прынцыпаў да канкрэтных рашэньняў.

Галоўная прычына таго, што інтэграцыя на постсавецкай прасторы дагэтуль не давала плёну, палягае ў тым, што Расея не была гатовая пераходзіць у гандлі на ўсясьветны прынцып спагнаньня падатку на даданую вартасьць (ПДВ) па краіне прызначэньня без выключэньняў. А Расея робіць выключэньне адносна энэрганосьбітаў. І вось упершыню 15 траўня Расея пагадзілася на тое, каб у гандлі з Украінай ПДВ спаганяўся па краіне прызначэньня без усялякіх выключэньняў.

У гэтай сувязі ўзьнікае пытаньне аб пэрспэктывах стварэньня АЭП. І ці гатовая Расея распаўсюдзіць варыянт гандлю з Украінаю на Беларусь? І чаму Ўкраіна, а не Беларусь апынулася ў прывілеяваным становішчы ў гандлі з Расеяй? Хоць, здаецца, менавіта Беларусь зьяўляецца галоўным саюзьнікам Расеі, і менавіта зь Беларусьсю Расея будуе так званую саюзную дзяржаву”.

(Паўлюк Быкоўскі: ) “Для Расеі вельмі важна рабіць выключэньне ў адносінах да энэрганосьбітаў пры спагнаньні ПДВ. Таму што яна шмат экспартуе энэргарэсурсаў, і таму ў выпадку гандлю на аснове прынцыпу спагнаньня ПДВ па краіне прызначэньня без выключэньняў Расея будзе губляць шмат грошай. Выключэньне ў адносінах з Украінай мае палітычныя прычыны. Існуе і такі чыньнік як пляны будаўніцтва новага газапроваду праз тэрыторыю Ўкраіны. Таму, магчыма, усё гэта ўвязанае ў пакетнае пагадненьне”.

(Андрэй Фёдараў: ) “Перамовы ў Ялце паказалі існаваньне вялікіх супярэчнасьцяў паміж чальцамі АЭП. Вядома, напрыклад, што Ўкраіна настойвае на першасным стварэньні зоны вольнага гандлю ў межах АЭП. А Казахстан лічыць, што першапачатковым павінна быць стварэньне мытнага зьвязу. Каб вырашыць супярэчнасьці, спатрэбіцца шмат часу. Ніякіх канкрэтных пагадненьняў падчас гэтай сустрэчы прынята не было. А такіх пагадненьняў павінна быць шмат, па некаторых падліках, каля 100. Таму пэрспэктывы АЭП даволі цьмяныя.

Чаму Расея пайшла на льготны рэжым у гандлі з Украінаю? Таму што Ўкраіна ўяўляе для Расеі вельмі важную краіну, магчыма, самую важную ў СНД. Вядома, што Ўкраіна асьцярожна ставіцца да саюзу з Расеяй, а больш глядзіць на Захад. Таму, каб утрымаць Украіну, Расея гатовая на пэўныя эканамічныя страты. Тым больш, што цяпер Украіна знаходзіцца напярэдадні зьменаў. Восеньню там павінны адбыцца прэзыдэнцкія выбары. І Расея хоча такім чынам паўплываць на гэтыя выбары дзеля сваёй карысьці”.

(Карбалевіч: ) “Экспэрты з самага пачатку зьяўленьня ідэі стварэньня АЭП сьцьвярджалі, што асноўны яе сэнс палягае ў тым, каб уцягнуць Украіну ў інтэграцыйныя працэсы ў СНД. У гэтым сэнсе такі крок Расеі вельмі зразумелы. Таму што Ўкраіна заявіла аб сваім імкненьні інтэгравацца ў Эўразьвяз. І дамова аб АЭП у некаторых момантах не супадае з дамовамі, якія Ўкраіна мусіць падпісаць у межах праграмы Эўразьвязу “Новае суседзтва”.

Але тут узьнікае яшчэ адна праблема. Усе сябры АЭП вядуць перамовы аб уступленьні ва Ўсясьветную гандлёвую арганізацыю (УГА). Аб гэтым казалася на выніковай прэс-канфэрэнцыі прэзыдэнтаў у Ялце. Аб гэтым згадаў і Лукашэнка, які, як звычайна, скардзіўся на іншых чальцоў гэтай арганізацыі. Паводле Лукашэнкі, чальцы АЭП праводзяць перамовы аб уступленьні ў УГА сэпаратна, не ўзгадняюць іх з партнэрамі і нават не інфармуюць адзін аднаго.

У чым тут праблема? Якія існуюць супярэчнасьці адносна ўступленьня ў УГА чальцоў АЭП? Ці магчыма без супярэчнасьцей ствараць АЭП і, адначасова, уступаць у УГА?”

(Быкоўскі: ) “Масква прапануе АЭП як Эўразьвяз для постсавецкай прасторы. У гэтым рэгіене Расея дыктуе моду, умовы. Для усіх краінаў СНД і АЭП найбольш важны гандаль з Расеяй. А ў гандлі паміж сабой у гэтых краінаў абарот ня вельмі вялікі. Таму для Расеі стварэньне АЭП азначае спробу умацаваць свой уплыў, а таксама умацаваць свае пазыцыі ў перамовах з Эўразьвязам і УГА.

Праблема яшчэ і ў тым, што без стварэньня АЭП Расеі цяжка разьвязацца і пры яе ўступленьні у УГА. Таму што ў яе няма мяжы зь Беларусьсю. І тут прынцып спагнаньня ПДВ мае важнае значэньне. Таму што прынцып краіны прызначэньня патрабуе існаваньня мяжы: мытнай, адміністрацыйнай ці якой іншай. Мяжа патрэбная дзеля вызначэньня таго, куды ідзе тавар, ці заплачаныя падаткі ды іншае.

Іншы момант, што пры пабудове АЭП інтарэсы чатырох краінаў супадаюць. Але перамовы ў Ялце паказалі: тое, што, здавалася, супадае на паверхні, ня супадае пры вырашэньні канкрэтных пытаньняў”.

(Карбалевіч: ) “Беларусь у перамовах аб уступленьні ў УГА адстае ад сваіх партнэраў. І, падаецца, менавіта гэтым было выкліканае незадавальненьне Лукашэнкі”.

(Фёдараў: ) “Найперш, мне падаецца, што магчымасьць уступленьня ў УГА цалкам усёй “чацьвёркай” чальцоў АЭП малаверагодная. Я ня ведаю прыкладаў, каб у УГА ўступалі рэгіянальныя эканамічныя арганізацыі. Можна згадаць і Эўразьвяз, і Паўночнаатлянтычную зону вольнага гандлю. Усе сябры гэтых арганізацыяў спачатку ўступалі ў УГА, а потым у гэтыя аб’яднаньні. Патрабаваньні для ўступленьня ў УГА мусяць быць выкананымі ўсімі сябрамі АЭП паасобку. Таму пытаньне тут не такое простае, і могуць узьнікнуць сур’ёзныя праблемы”.

(Карбалевіч: ) “Падчас саміту ў Ялце адбылася сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі. Падаецца, што яна не прынясла дамоўленасьцяў па ўсіх спрэчных пытаньнях, якія існуюць у беларуска-расейскіх дачыненьнях. Найбольш вострай зьяўляецца газавая праблема, асабліва ў зьвязку з тым, што ў канцы траўня заканчваюцца кантракты на пастаўку газу ў Беларусь незалежнымі пастаўшчыкамі, а кантракт з “Газпромам” не падпісаны. Як бы вы пракамэнтавалі гэтую сытуацыю?”

(Быкоўскі: ) “Відавочна, “Газпром” хацеў бы вырашэньня гэтай праблемы кіраўнікамі дзяржаваў. Вядома, што летась у Сочы Лукашэнка і Пуцін дамовіліся, што ў газай сфэры бакі пераходзяць на рынкавыя прынцыпы. За ўзор былі ўзятыя стасункі Расеі з Украінай. Потым высьветлілася, што бакі па-рознаму разумеюць, што такое гэты ўзор. Тады ў Сочы Беларусь пагадзілася атрымліваць газ па рынкавых цэнах, а ня ўнутраных расейскіх цэнах. З 1 студзеня гэтага году Беларусь атрымлівае газ па больш высокіх коштах, але адначасова не дазваляе “Газпрому” прыватызаваць “Белтрансгаз”.

Але газаваша пытаньня ў Ялце разьвязаць не ўдалося. Альбо пытаньне не падымалася зусім, альбо не было вырашанае. Падчас сустрэчы кіраўнікоў дзьвюх дзяржаваў быў такі момант. На пытаньне расейскіх журналістаў наконт газавай тэмы Лукашэнка сказаў: “Вам што, газу не хапае? Нам газу хапае”. Паколькі кіраўнікі дзяржаваў ня выказалі палітычнай волі ў вырашэньні гэтай праблемы, пытаньне аб пастаўках газу ў Беларусь з наступнага месяца стаіць пад пытаньнем”.

(Фёдараў: ) “Сапраўды, дамоўленасьці паміж Пуціным і Лукашэнкам дасягнутыя не былі. Пра гэта сьведчыць і дамова аб новай сустрэчы 5 чэрвеня ў Сочы. Калі б яны вырашылі пытаньне цяпер, то навошта сустракацца яшчэ празь дзесяць дзён?

Я сумняваюся, што праблема будзе вырашаная на ўмовах беларускага боку. Таму што Расея ва ўсіх сваіх замежнапалітычных дзеяньнях кіруецца прагматычнай пазыцыяй. І не відаць чыньнікаў, якія бы маглі падштурхнуць Маскву ісьці насустрач Менску. Беларусь таксама не жадае ісьці насустрач. Больш за тое, нават калі дамоўленасьці і будуць дасягнутыя, няма ўпэўненасьці, што яны будуць выкананыя”.

(Карбалевіч: ) “Такім чынам, Ялцінскі саміт паказаў, што беларуска-расейскія зносіны ўсё больш увязваюцца ў праблематыку рэгіянальнай інтэграцыі, а таксама ў працэс уступленьня ва ЎГА. То бок тэндэнцыя глябалізацыі ўплывае і на беларуска-расейскія дачыненьні, хоць даволі ўскосна ў доўгатэрміновай пэрспэктыве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG