Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

АМБАСАДАР ЗША ЗНАХОДЗІЦЦА Ў МАГІЛЁВЕ З АФІЦЫЙНЫМ ВІЗЫТАМ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёў

Гэта першы афіцыйны візыт Джорджа Крола на Магілёўшчыну ў якасьці амбасадара Злучаных Штатаў Амэрыкі. Ён пачаўся ўчора ўвечары наведваньнем у Магілёве мэмарыяльнага комплексу “Буйніцкае поле”. Амбасадар усклаў кветкі, ушанаваў памяць людзей, якія загінулі пры абароне Магілёва ў 1941 годзе.

Галоўная мэта афіцыйнага візыту Джорджа Крола — удзел ва ўрачыстым адкрыцьці 12 міжнароднага музычнага фэстывалю “Магутны Божа”.

(Крол: ) “Я быў запрошаны сюды, каб прыняць удзел у фэстывалі, знакамітым фэстывалі, дзе будзе нават знакамітая амэрыканская сьпявачка Кока Ёрк, якая будзе выступаць сёньня ўвечары”.

Дзесяць гадоў таму спадар Крол наведаў Магілёў, калі працаваў у амбасадзе ЗША часовым павераным у справах Беларусі. Ён заўважыў разьвіцьцё Магілёва за час, які мінуў, і адзначыў рэстаўрацыю гістарычных вуліцаў.

Сёньня амбасадар Крол наведаў Магілёўскую абласную бібліятэку імя Леніна і падараваў яе чытачам матэрыялы для вывучэньня ангельскай мовы і гісторыі ЗША, а таксама тэхніку — тэлевізары і відэамагнітафон.

Джордж Крол сустрэўся са старшынём Магілёўскага аблвыканкаму Барысам Батурам. Пасьля сустрэчы амбасадар сказаў журналістам, што ён правёў цікавую размову пра сытуацыю на Магілёўшчыне.

(Крол: ) “Канечне, гэта вельмі добра для мяне, бо галоўная мая задача — гэта як мага болей і аб’ектыўна даведацца пра сытуацыю, абстаноўку ў краіне, таму што гэта дапамаге мне растлумачыць у Вашынгтоне, што адбываецца ў Беларусі й як мы можам супрацоўнічаць зь беларусамі”.

Сёньня амбасадар Крол сустрэўся таксама з кіраўніком Магілёва Віктарам Шорыкавым, потым выступіў зь лекцыяй перад ангельскамоўнымі студэнтамі Магілёўскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.

(Крол: ) “Гэта першы візыт у якасьці амбасадара, але напэўна не апошні. Я бы хацеў бы працягваць нашыя кантакты”.

Заўтра, паведаміў Джордж Крол, ён будзе кантактаваць з прадстаўнікамі розных грамадзкіх арганізацыяў і сродкаў масавай інфармацыі. Вынікі афіцыйнага візыту на Магілёўшчыну амбасадар Злучаных Штатаў Амэрыкі падвядзе заўтра на прэсавай канфэрэнцыі.
XS
SM
MD
LG