Лінкі ўнівэрсальнага доступу

КАЛЯНДАР СВАБОДЫ – 24 ТРАЎНЯ


Ул. інф.

Спачатку – пра каляндар учорашняе нядзелі.

23 траўня ў Беларусі ўшаноўваецца сьвяты апостал Сымон Зілот. “Сей пшаніцу на Зілота, яна будзе, як залота”. Сымон Зілот па плоці быў братам Хрыста і адным з 12-ці апосталаў. Гэта ў ягонай хаце Хрыстос зрабіў першы свой цуд – ператварыў ваду ў віно. А “зілот” – гэта Сымонава мянушка, і азначае яна – раўнівец. Маўляў, паверыўшы ў Мэсію, ён надта раўнівы быў да свае веры, распавядаючы пра Хрыста ў розных краінах. У Абхазіі Сымон Зілот прыняў пакутніцкую сьмерць на крыжы. Ён пахаваны каля Сухумі. На тым месцы збудаваны манастыр.

23 траўня 1871 году ў баі загінуў генэрал Парыскае Камуны Яраслаў Дамброўскі. Нарадзіўся ён ва Ўкраіне, а вучыўся ў Беларусі, скончыў кадэцкі корпус у Берасьці.

Сярод славутасьцяў, што прыйшлі на сьвет 23 траўня ў розныя гады, згадаем сёньня двух швэдаў: прыродазнаўцу Карла Лінэя і пісьменьніка Пэра Лагерквіста, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі.

А вось – памятныя даты сёньняшняга дня, які пазначаны ў беларускім календары імёнамі Кірыла і Мяфодзія. 24 траўня афіцыйна адзначаецца Дзень славянскага пісьменства і культуры.

У гэты дзень у 1173 годзе пакінула сьвет Эўфрасіньня Полацкая, славутая беларуская асьветніца. У часе паломніцтва на Сьвятую зямлю ігуменьня Эўфрасіньня прасіла Госпада дазволіць ёй памерці ў Ерусаліме. Так і адбылося. Пахаваная яна ў Феадосіевым манастыры Сьвятой Багародзіцы. Мошчы сьвятой Эўфрасіні спачываюць цяпер у Спасаўскай царкве полацкага Спаса-Эўфрасінеўскага манастыра.

24 траўня ў розныя гады нарадзіліся рымскі палкаводзец Гай Юлі Цэзар, францускі рэвалюцыянэр Жан Поль Марат і адразу два расейскія пісьменьнікі, нобэлеўскія ляўрэаты Міхаіл Шолахаў і Іосіф Бродзкі.

Таксама сёньня спаўняецца сто гадоў з дня нараджэньня беларускага паэта Адама Русака, які прыдумаў песьню “Бывайце здаровы” ды шмат іншых вядомых у народзе твораў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG