Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БУЛАЎКІ


Ягор Маёрчык, Булаўкі

Уладзімер Тарасаў, можна лічыць, застаўся без здароўя. Ён — інвалід другой групы. Гаспадаркі не трымае. Сілаў хапае адно толькі дайсьці да вясковай крамы. Кажа, як памрэ, добра будзе везьці яго на могілкі — яны ж пад самым бокам. І справа тут не ў адлегласьці, а ў неасфальтаванай дарозе і вялізных лужынах.

(Тарасаў: ) “Вунь даліну бачыце? Яе пераехаць нельга. А могілкі ў нас па іншы бок знаходзяцца. Іншы раз, калі распуста, людзі нябожчыка пераносяць, як вязуць яго хаваць”.

(Карэспандэнт: ) “Машына ня можа праехаць?”

(Тарасаў: ) “Ня можа!”

(Карэспандэнт: ) “А часта такое бывае, што на руках носяць?”

(Тарасаў: ) “Вельмі часта! Аднаго разу хацелі пераехаць і сядзелі на машыне і трымалі труну, а то так бы з дамавінай усе пападалі”.

(Карэспандэнт: ) “Што, і такое было?”

(Тарасаў: ) “Бывала. Вось зараз дарога распусьціцца — і ў двух месцах няможна будзе праехаць”.

(Карэспандэнт: ) “А як жа вы да крамы ходзіце?”

(Тарасаў: ) “Вось так і ходзім!”

(Карэспандэнт: ) “Слухайце, можа вам тут човен паставіць?”

(Тарасаў: ) “Такога, каб човен, яшчэ не прыдумалі. Вада раней ці пазьней зьбяжыць”.

(Карэспандэнт: ) “А як выклікаеце ў ваш край вёскі хуткую дапамогу?”

(Тарасаў: ) “Яна прыходзіць. Калі вадою ўсё заліта, яна па ваколіцах абыходзіць — кілямэтраў 8–10. Бывала, што тры-чатыры гадзіны не было хуткай”.

Асфальту ў саміх Булаўках няма, адсутнічае і цьвёрдае пакрыцьцё на дарозе, якая вядзе ў паселішча. Дабрацца сюды без прыгодаў можна толькі ўлетку. Вясной і восеньню раскіслая ад дажджу дарога разьбітая вялікімі коламі лесавозаў, і легкавая машына дакладна забуксуе. А зімою варта ехаць па аб’язной — сьнег у мэтровыя сумёты падае ледзь ня штодня, а раічышчаюць яго калі прыйдзецца. Для састарэлай Паліны Таргашынай няма прынцыповай розьніцы — асфальт на дарозе будзе ляжаць ці проста ўтрамбаваная глеба. Галоўнае, каб сюды, як што, хутка змаглі даехаць мэдыкі.

(Таргашына: ) “Шпіталь у нас у Гарадку знаходзіцца. У мяне два разы інфаркт быў. І я пакуль зайду, я на дарозе памру”.

(Карэспандэнт: ) “А колькі ісьці да шпіталю?”

(Таргашына: ) “Тры кілямэтры”.

Віктар Верабей працуе ў тутэйшай калектыўнай гаспадарцы. Я сутыкнуўся зь ім у цэнтры вёскі ля клюбу, зачыненага вялікім амбарным замком. Спадар шукаў кампанію, каб “астаграміцца”. Мабыць, мой зьнешні выгляд даверу ў яго ня выклікаў. Далучыцца ён так і не прапанаваў. Затое мы досыць зьмястоўна пагутарылі пра ўсё тую ж дарогу, пра стан гаспадаркі й пра палітычныя сымпатыі вяскоўцаў.

(Верабей: ) “Прайсьці зусім немагчыма”.

(Карэспандэнт: ) “А як жа людзі дабіраюцца да хатаў?”

(Верабей: ) “Вада пачнецца, паўз плот так і ходзяць”.

(Карэспандэнт: ) “Вады па калена?”

(Верабей: ) “Так. Тут яшчэ ямы і ямы!”

(Карэспандэнт: ) “Ці зьвярталіся да сельсавету?”

(Верабей: ) “Зьвярталіся колькі разоў. Праўда, аднаго разу прыяжджалі МАЗамі й прысыпалі трохі дарогу. А пасьля па вясьне ўсё адно яе размыла”.

(Карэспандэнт: ) “А каб асфальт пакласьці — вам такое не абяцаюць?”

(Верабей: ) “Абяцалі”.

(Карэспандэнт: ) “І калі пакладуць?”

(Верабей: ) “Як рак на гары сьвісьне”.

(Карэспандэнт: ) “Гаспадарка яшчэ трымаецца на нагах?”

(Верабей: ) “Трохі трымаецца. Каровы яшчэ засталіся — 123 галавы”.

(Карэспандэнт: ) “А атрымліваеце колькі?”

(Верабей: ) “Лухта! Калі 25 тысяч налічаць, крычаць яшчэ, што багата”.

(Карэспандэнт: ) “Як жа вы за такія грошы жывяце?”

(Верабей: ) “А куды дзецца?”

(Карэспандэнт: ) “Узяць надзел зямлі ды самому стаць гаспадаром”.

(Верабей: ) “Тут бальшыня ад такога паадмаўлялася. Зямля гуляе”.

(Карэспандэнт: ) “Грошы хоць у час плацяць?”

(Верабей: ) “Трэці месяц пайшоў, як не даюць заробку. Дырэктар абяцае ўсім, а ці атрымаецца… Гэтыя дырэктары мяняюцца як пальчаткі”.

(Карэспандэнт: ) “Колькі за апошнія гады зьмянілася?”

(Верабей: ) “Пры мне ўжо пяты”.

(Карэспандэнт: ) “А вы колькі працуеце?”

(Верабей: ) “З 95-га году”.

(Карэспандэнт: ) “У вёсцы пра палітыку людзі размаўляюць? Што кажуць?”

(Верабей: ) “Тыя, хто з гарадоў прыяжджаюць, на Лукашэнку гадзяць. А бабкі будуць за Лукашэнку. Калі ён у час пэнсію дае, яны будуць за яго. У калгасе таксама бальшыня за Лукашэнку”.

(Карэспандэнт: ) “А чым ён так людзям падабаецца, калі ні дарогі няма, ні заробкаў?”

(Верабей: ) “Я і сам за яго. Ён для мяне палітыку правільную праводзіць”.

Калгасьнікі, якія некалькі месяцаў не атрымліваюць заробкаў, зайздросьцяць пэнсіянэрам. Маўляў, ім плацяць дзень у дзень і жывуць старыя ледзь ня зь песьнямі.

Прыкладна такія думкі апаноўвалі маю наступную суразмоўцу яшчэ колькі месяцаў таму. Тады яна працавала на фэрме. А пасьля пайшла на адпачынак — і ў адно імгненьне з кагорты зайздросьнікаў сама стала аб’ектам развагаў пра стабільную пэнсію.

(Карэспандэнт: ) “Колькі вам пэнсіі далі?”

(Спадарыня: ) “Атрымала 86 тысяч. Гэта ўсё ад таго, што мы нікому не патрэбныя, ніхто намі не цікавіцца. А на каўбасу грошай няма. Мяхі трэба набываць, а не каўбасу!”

(Карэспандэнт: ) “А мяхі вам навошта?”

(Спадарыня: ) “Худобу трымаць: кароўку, кабанчыка, куркі. Гэта як здароўе ё, а як няма, лажыся ды падыхай”.

(Карэспандэнт: ) “Мяхі — гэта вы маеце на ўвазе камбікорм, ці што?”

(Спадарыня: ) “Так, камбікорм”.

(Карэспандэнт: ) “Сеяць трэба. Ці ёсьць трактары, ці ёсьць коні?”

(Спадарыня: ) “Няма. У саўгасе няма. Коней трэба ў чалавека папрасіць. Заплаціць яму ці адпрацаваць”.

Я крочыў адной з чатырох вуліцаў вёскі Булаўкі, калі пабачыў пысу каня, якая перагіналася цераз плот. Недзе з-за агароджы даносіліся жаночыя воклічы. Бабулька беспасьпяхова спрабавала загнаць жывёліну ў хлеў.

(Спадарыня: ) “Вы толькі дзьверы зачыніце!”

(Карэспандэнт: ) “Давайце, сапраўды”.

(Спадарыня: ) “А то ён выскачыць, і тады я прапала. Гэта ў каго коні ё, людзі будуць браць ды сеяцца”.

(Карэспандэнт: ) “А шмат людзей трымаюць коні?”

(Спадарыня: ) “Не, небагата. Тыя гады былі трактары ў калгасах і саўгасах. А цяпер усё дарагое. Так ці не?”

(Карэспандэнт: ) “Так”.

(Спадарыня: ) “І салярка дарагая і ўсё дарагое”.

(Карэспандэнт: ) “Але каня лепей трымаць, чым трактар?”

(Спадарыня: ) “Лягчэй: сена накасі ды кармі, папаі яго, бурака якога дай, хлеба кавалак. І гэта вы ўсё запісваеце?”

(Карэспандэнт: ) “Натуральна, што так!”

(Спадарыня: ) “Усё, болей я нічога казаць ня буду!”

(Карэспандэнт: ) “Не махайце на мяне так дручком! Я ж ня конік ваш!”

(Спадарыня: ) “Усё! Хопіць”.

(Карэспандэнт: ) “Як вас завуць?”

(Спадарыня: ) “Ня ведаю!”

(Карэспандэнт: ) “Вы ня ведаеце, як вас завуць?”

(Спадарыня: ) “Я жыву без імя”.

І ня трэба думаць, што ўсе праблемы Булавак зводзяцца да адсутнасьці дарогі й мізэрных пэнісяў. Ёсьць яшчэ й сэзонныя зьявы. Вясною абуджаецца ня толькі прырода, але і чалавек.

(Спадар: ) “Добра жывецца! Але каб яшчэ баба была… Бяз бабы пагана жыць!”

(Карэспандэнт: ) “Няўжо вы з усёй вёскі ня можаце знайсьці сабе жанчыну? Што, сур’ёзна ёсьць праблема з жанчынамі?”

(Спадар: ) “Зубоў няма, жанчыну знайсьці можна!”

А вось пэнсіянэры Ніна Мансукава і Віктар Булаўка ўтварылі новую сям’ю. Яна засталася бяз мужа, а ён — бяз жонкі. Старыя сышліся й цяпер жывуць разам. Ветлівая і прыемная ў абыходжаньні пара — чаго нельга сказаць пра іхнага вартавога сабаку.

(Карэспандэнт: ) “А што гэта з вашым сабакам?”

(Булаўка: ) “А што з маім сабакам можа быць? Малады. Дурны й брэша абы на каго”.

(Карэспандэнт: ) “Гаспадарку трымаеце?”

(Мансукава: ) “Ерунда! Слабая ў нас гаспадарка. Аднаго толькі коніка трымаем”.

(Карэспандэнт: ) “А карова?”

(Мансукава: ) “Ужо сёлета няма каровы”.

(Карэспандэнт: ) “А каня чаму трымаеце?”
(Мансукава: ) “Бо ўжо няма ног. Як трэба ў шпіталь, нічым не дабярэсься. А хто ж цябе павязе?”

(Карэспандэнт: ) “Конь — гэта добра будзе, як пасеецца”.

(Мансукава: ) “Так. Але гэты ўжо дзед нікуды ня варты. Ён ужо нават каня не вывядзе. Ён упадзе, а гэты конь яго пацягне за ногу, вяроўкаю тою абматаўшы”.

(Карэспандэнт: ) “А што ў вас са здароўем?”

(Булаўка: ) “Здароўя няма: нага баліць, галава баліць — усё баліць. Ужо слабы. Стары ўжо, ёлкі-палкі! Мне ўжо 75 год”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі пра палітыку ды ўлады што гавораць?”

(Мансукава: ) “Наш Лукашэнка добры. Маладыя кажуць, што ён дурны, а старыя кажуць, што добры”.

(Карэспандэнт: ) “А вы каму болей верыце?”

(Мансукава: ) “А нам усё адно! Даюць на кавалак хлеба, і хопіць нам”.

(Карэспандэнт: ) “Дзякуй вам за размову! Да пабачэньня!”

(Булаўка: ) “Дзякуй! Будзь здаровы!”

Складваецца ўражаньнье, што ў Булаўках адна праблема нараджае другую: няма дарогі — кепска з хуткай мэдычнай дапамогай. У калгасе не засталося трактароў, але ёсьць коні. Іх трэба даглядаць, а на гэта бракуе сілаў. У вёсцы кажуць: неабходна вырашыць першую і самую галоўную праблему, а з астатнімі справімся самастойна.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG