Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ЧАМУ БЫЎ САРВАНЫ СОЙМ МАЛАДОГА ФРОНТУ?


Альгерд Невяроўскі, Менск

Праца пятага сойму Маладога Фронту, які праходзіў у Менску 23 траўня, была сарваная. Мандатная камісія доўга не магла пацьвердзіць паўнамоцтваў многіх дэлегатаў. А паміж групамі падтрымкі кандыдатаў на старшыню Зьмітра Дашкевіча і Сяржука Бахуна адбыліся шматлікія сутычкі. У выніку, большасьць дэлегатаў прагаласавала за прыпыненьне працы сойму.

25 траўня кіраўніцтва Маладога Фронту склікала прэсавую канфэрэнцыю, дзе дала ацэнку гэтаму скандалу. Гаворыць старшыня Маладога Фронту Павал Севярынец:

(Севярынец: ) “Малады Фронт — арганізацыя моладзевая. І тое, што моладзь сутыкнулася, ня ёсьць арыгінальным. Крыху скандальны імідж Маладога Фронту быў заўжды. Трагедыі рабіць з таго, што адбылося, мы не зьбіраемся, але безумоўна вывады свае зробім. Ганарыцца гэтым скандалам ніхто ня будзе”.

У панядзелак сабраўся аргкамітэт сойму Маладога Фронту, на якім была абмеркаваная сытуацыя і прынятае рашэньне аб даце другой сэсіі. Яна адбудзецца 5 сьнежня сёлета. Паводле Паўла Севярынца, раней абраць новае кіраўніцтва арганізацыі немагчыма ў сувязі з падрыхтоўкай да выбараў у Палату прадстаўнікоў. Абодва прэтэндэнты на пасаду старшыні Зьміцер Дашкевіч і Сяржук Бахун будуць кандыдатамі ў дэпутаты.

Павал Севярынец лічыць, што спадары Дашкевіч і Бахун ужо знайшлі паразуменьне, і расколу ў Маладым Фронце не адбудзецца:

(Севярынец: ) “Абедзьве каманды маюць прыблізна аднолькавы ўзрост і генэзыс — гэта пакаленьне 2000–2001 году. Абодва кандыдаты гатовыя ахвярна змагацца за Беларусь. І абодва кандыдаты пацьвердзілі на аргкамітэце, я размаўляў зь імі абодвума. Яны ў вочы адзін аднаму глядзелі, рукі паціскалі. Гэта людзі, якія гатовыя працаваць у камандзе. Старая гвардыя падтрымае пераможцу і ня дасьць затаптаць пераможаных”.

Зьміцер Дашкевіч і Сяржук Бахун пагадзіліся з рашэньнем аргкамітэту і абяцалі спрыяць таму, каб не дапусьціць расколу Маладога Фронту.

Гл.таксама
• ЗЬЕЗД МАЛАДОГА ФРОНТУ БЫЎ САРВАНЫ ЯГО ДЭЛЕГАТАМІ
XS
SM
MD
LG