Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ДОЎГІ ПРАЦОЎНЫ ДЗЕНЬ У БЕЛАРУСІ


Марыя Ўсьціновіч, Магілёўская вобласьць

Будзільнік жыхаркі Магілёва Ларысы звоніць на золку, працоўны дзень жанчыны пачынаецца а 6-й раніцы. Шапік, дзе яна працуе прадавачкай, стаіць на прыпынку грамадзкага транспарту, і патэнцыйныя пакупнікі там тоўпяцца з раньня да ночы.

(Ларыса: ) (адначасова адпускаючы тавар пакупнікам) “Надакучыла. Падаецца, што заснуў бы тут, вочы заплюшчваюцца. Немагчыма сесьці. Стаіш – нібыта нічога, нармальна. Сядзеш – усё…”

Некалькі гадоў таму Ларысу скарацілі зь дзяржаўнага прадпрыемства, і ад таго часу яна працуе 17 гадзінаў 7 дзён на тыдзень праз тыдзень.

(Ларыса: ) “Іншага нічога няма, бо на дзяржаўнае прадпрыемства ня пойдзеш. І заробкі малыя, і там паўсюль скарачэньні, таму даводзіцца працаваць тут. Гэта адзінае месца, дзе можна зарабіць больш-менш”.

Заахвочваньні супрацоўнікаў, накшталт аздараўленьня за кошт фірмы ды карпаратыўных вечарынаў Ларыса бачыла толькі ў кіно, а не ў рэальным жыцьці.

(Ларыса: ) “Гэтага нічога няма. Ні квіткоў у басэйн, анічога. Працуеш і працуеш. На маё месца 250 такіх жа, як я. Не задавальняе – калі ласка”.

Спадарыня Ларыса лічыць, што калі пагадзілася працаваць, то ня мае права пратэставаць супраць умоваў працы. Як паведамілі у Магілёўскай абласной управе дэпартамэнту інспэкцыі працы, людзі цяпер скардзяцца не на тое, што іх прымушаюць болей працаваць, а на тое, што за гэта ня плацяць належным чынам.

Спэцыялісты паведамляюць: за ненармаваны рабочы дзень інжынэрна-тэхнічныя работнікі атрымліваюць да 14 дадатковых дзён адпачынку, а для ўсіх астатніх рабочых звышнарматыўная праца павінна аплачвацца ўдвая. Аднак разам з тым, паводле беларускіх законаў, чалавек не павінен працаваць звыш звычайнага рабочага дня больш за 4 гадзіны два дні запар. Увогуле 120 гадзінаў на год – гэта максымальная норма звышнарматыўнай працы для грамадзяніна Беларусі.

* * *

Ня менш за Ларысу, аднак зь іншых прычынаў, працуе Алена Барысава – галоўная рэдактарка недзяржаўнага тэлеканалу “Магілёў-2”.

(Барысава: ) “Дзяржаўнае тэлебачаньне мае свой бюджэт, мае свае сродкі, прыватнае тэлебачаньне павінна іх зарабляць. Таму няма такой раскошы – наняць шмат людзей. І таму доўгі працоўны дзень – гэта абавязковая рэч на прыватным тэлебачаньні”.

Алена не абураецца гэтым, бо ведае правілы гульні. Яна прызнаецца, што сьвядома зрабіла працу сваім ладам жыцьця.

(Барысава: ) “Дзякуй Богу, дзеці вырасьлі, і… адзінота. Я магу дазволіць сабе такую раскошу – доўгі й добры працоўны дзень. А хто мае сям’ю, хто будуе сваё жыцьцё – гэта цяжка. І ці патрэбна гэта?”

Магчымасьць творчага ўдасканаленьня, сэмінары ды іншае навучаньне за мяжой, мяркуе Алена, сталі яе галоўным маральным заробкам.

Ня самае галоўнае ў жыцьці – грошы, лічыць рэдактарка. Аднак, паводле яе меркаваньня, чалавеку патрэбная кампэнсацыя за доўгі працоўны дзень.

(Барысава: ) “Калі шчыра, дык гэта годны заробак, таму што грошы ўсё ж такі даюць дастатковую ступень свабоды”.

* * *

На вёсцы лічыць працоўныя гадзіны ды дні няма сэнсу, бо сялянская праца – сэзонная, таму ад пасяўной да ўборачнай трэба працаваць ня 8 гадзінаў на дзень, а колькі трэба.

Фэрмэрская гаспадарка Мікалая Марачкіна вядомая ў Магілёўскай вобласьці. Кожны сёмы рубель ў бюджэце Чэрыкаўскага раёну – ад Марачкіна, які прызнаецца, што дзесяць гадоў працуе без адпачынку і ніколі ня мае вольнага часу.

(Марачкін: ) “Дык я прыходжу аб 11-й увечары, падымаюся рана. Звычайная сельская праца, і так ва ўсіх, хто зьвязаны зь зямлёй”.

Пры ўваходзе ў гаспадарку Марачкіна рабочых сустракае аб’ява: “Пачатак працы ў 8.00, але не прыход на працу”. На другім баку варотаў: “Заканчэньне працы ў 17.00, але не сыход з працы”. Але такой нагляднай агітацыяй селяніна не заахвоціць, лічыць спадар Мікалай.

(Марачкін: ) “Я ведаю, як заахвоціць, і вы ведаеце таксама. Плацілі б даляраў 300 заробку, вось і ўсё. Але ж я столькі плаціць ня здольны”.

У гаспадарцы Мікалая Марачкіна плацяць у сярэднім 120 даляраў на месяц – гэта яшчэ далёка ад ідэалу. Аднак болей, чым у калгасах, гавораць рабочыя.

(Рабочы: ) “Я ў саўгасе працаваў. Розьніца ў заробку. Тут болей я атрымліваю”.

(Рабочы: ) “А каму грошы перашкаджаюць? Як гавораць – ацэньваецца праца на грошы. Як працуеш, так і атрымліваеш”.

Праўда, Марачкін ніколі не дае заробку ў вялікія кампаніі, каб не сарваць правядзеньня пасяўной ці ўборачнай. Непрыемныя выпадкі навучылі фэрмэра, што на вёсцы ёсьць праблема ня толькі зарабіць грошы, а яшчэ й данесьці іх да сям’і і не прапіць па дарозе.

(Марачкін: ) “Гэтыя п’янкі задурылі галаву. Ідзе ўборка, мы аддалі заробак, чалавек 15 у запой палегла. Адзін загінуў: п’яны боўтаўся, вось табе й заробак”.

З другога боку, найбольш працавітыя сяляне, каб зарабіць дадатковыя грошы, часта выкарыстоўваюць законны штогадовы адпачынак.

(Спадар: ) “Ёсьць такія людзі, што езьдзяць у Расею. Шмат такіх. Каб болей грошай зарабіць”.

(Марачкін: ) “І я таксама ў свой час браў кампэнсацыю, калі працаваў кіроўцам за савецкай уладай. Хацеў зарабіць грашы. Але ж бясконца гэта немагчыма. Немагчыма бясконца працаваць”.

* * *

Да такой жа высновы, як і фэрмэр Марачкін, гадоў сорак таму прыйшлі практычныя немцы. У Заходняй Нямеччыне быў 6-дзённы працоўны тыдзень і доўгі працоўны дзень, аднак прафэсійныя саюзы дамагліся перагляду гэтых правілаў. Гавораць доктар Увэ Дыль.

(Дыль: ) “Прафсаюзы дамагліся, каб субота стала сямейным днём, бо бацька павінен належаць сям’і. Цяпер сытуацыя такая, што большасьць працоўных мае 38,5 працоўных гадзінаў на тыдзень”.

За працу звыш нормы, гавораць немцы, у прыватных фірмах заўсёды плацяць дадатковыя грошы, а дзяржаўныя ўстановы даюць вольныя дні, ці, па-нашаму, адгулы. Немцы добра памятаюць асноўныя законы капіталізму і адпаведным чынам ставяцца да інтэнсыфікацыі працы.

(Дыль: ) “Кожны працадаўца разумее, што калі ня будзе права на адпачынак найманаму працаўніку, то ягоныя здольнасьці будуць памяншацца, і ўрэшце ён ня будзе здольны выконваць сваіх працоўныя абавязкі. Яшчэ Маркс ды Энгельс у часе нараджэньня капіталізму зьвярнулі ўвагу на гэты факт”.

* * *

Магілёўскі доктар-нэўрапатоляг, удзельнік грамадзкага аб’яднаньня “Лекарскі зьвяз” Васіль Аўраменка лічыць галоўным наступствам доўгага працоўнага дня такую хваробу, як сындром хранічнай стомленасьці.

(Аўраменка: ) “Гэта звычайны галаўны боль, агульная млявасьць, апатыя, нежаданьне нешта рабіць. Але сындром хранічнай стомленасьці, акрамя гэтых псыхалягічных момантаў, ускладняецца тым, што зьніжаецца імунітэт, і арганізм робіцца ўспрымальны да ўсялякіх хваробаў”.

Аднак ці можна атрымаць у Беларусі лісток непрацаздольнасьці з дыягназам “сындром хранічнай стомленасьці”?

(Аўраменка: ) “Нашыя дактары наагул карыстаюцца дыягназамі, яшчэ пакінутымі нам з савецкага часу, і бюлетэня з такім дыягназам ніхто ня дасьць”.

Таму трэба ратавацца самастойна. Для чалавека, які шмат працуе, самае галоўнае – гэта нармальны здаровы сон і перапынкі ў працы (нешта накшталт вытворчай гімнастыкі за савецкім часам, толькі можна рабіць не практыкаваньні, а тое, што падабаецца – слухаць музыку ці дыхаць сьвежым паветрам). Мэдыкі гавораць, што кожны чалавек павінен выбраць той спосаб адпачынку й пераключэньня ўвагі, які яму пасуе. Нават такі:

(Спадар: ) “Прыйшоў, тэлевізар уключыў, лёг на канапу ды ляжы. Ну а што яшчэ рабіць?”

* * *

Завяршаецца яшчэ адзін працоўны дзень. Ён быў для маіх суразмоўцаў, як і звычайна, доўгі. Людзі разьяжджаюцца з працы дадому, час адпачываць. Аднак ёсьць яшчэ адна рэч для тых, хто шмат працуе. Спэцыялісты гавораць: калі праца цікавая й падабаецца, можна працаваць доўга й напружана бяз шкоды для здароўя. І ў такім шчасьлівым выпадку вас ня будзе злаваць ранішні звон будзільніка.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG