Лінкі ўнівэрсальнага доступу

НОРАВЫ Ў БРЫГАДЗЕ ПАЛКОЎНІКА ПАЎЛІЧЭНКІ


Алег Грузьдзіловіч, Менск

Звычайная шэрая мэталічная брама і толькі каляровая эмблема ў выглядзе рысі падказвае, што за брамай ня простая вайсковая частка. Ажно чатыры вартаўнікі на ўваходзе, ніхто не называе тэлефонаў камандзіраў, уваход нават пасьля прад’яўленьня журналісцкага пасьведчаньня катэгарычна забаронены.

Вельмі складана трапіць ў вайсковую частку нумар 3214 на ўскраіне Менска, больш вядомую як брыгада спэцназу МУС пад кіраўніцтвам палкоўніка Зьмітра Паўлічэнкі.

Сам палкоўнік з журналістамі не кантактуе, падначаленыя яму афіцэры бяруць зь яго прыклад. Гэтак, прывабная лейтэнант Аляксандра, супрацоўніца юрыдычнай службы, некалькі дзён рыхтавала камэнтар да спрэчнай гісторыі з былым службоўцам. Адзінае, на што яна адважылася – гэта на словах перадаць пазыцыю камандаваньня: “Без камэнтароў”. Пры гэтым адмовілася, каб было названае нават яе прозьвішча.

Кропка ў гісторыі, пра якую ідзе гаворка, яшчэ не пастаўленая. Прапаршчык Павал Граблюк да пераводу у іншую частку служыў намесьнікам дырыжора брыгаднага аркестра. Ён з дачкой дагэтуль прапісаны ў пакойчыку інтэрната, які месьціцца на тэрыторыі брыгады. Але, паводле Паўла Граблюка, нібыта існуе загад не пускаць яго ў частку.

(Граблюк: ) “Ёсьць вусны загад камандзіра часткі Паўлічэнкі мяне на тэрыторыю не прапускаць. Гэта было летась увесну, потым зацішша, а восеньню ў кастрычніку зноў, як пачалося! Дайшло да таго, што я хадзіў у міліцыю. Там ва Ўруччы ёсьць гарадзкі аддзел міліцыі, дакладна за агароджай часткі. Вось двойчы туды зьвяртаўся і толькі пасьля званка дзяжурнага мяне прапускалі”.

Паводле прапаршчыка, забарона наведваць дом датычылася і дачкі Каці. Некалькі разоў яе таксама не прапусьцілі дысцыплінаваныя вартаўнікі брамы з эмблемай рысі.

(Граблюк: ) “Дачку не прапусьцілі. Яна са сьлязьмі на вачах, ледзь дабралася ў Серабранку. Ёй тады 11 гадоў было. У мяне ёсьць прозьвішчы тых вартаўнікоў, і ёсьць сьведкі. А мяне з гэтай зімы так прыціснулі, што сам баюся туды наведвацца”.

Павал Граблюк жыве зараз у кватэры ў менскім мікрараёне Серабранка і рыхтуецца да суду. Гэта камандаваньне вайсковай часткі 3214 падало на яго ў суд, дамагаючыся прымусовага высяленьня з пакоя. Між тым, узамен прапаршчыку Граблюку жылплошчы не даюць, хаця месца службы ён зьмяніў празь перавод. Адвакаты, да якіх зьвяртаўся музыкант, тлумачылі яму, што закон на ягоным баку. Аднак абараняць прапаршчыка ў судзе некаторыя не адважыліся. Патлумачылі, што апасаюцца непрыемнасьцяў.

“Атрымліваецца, ў мяне правоў меней, чым у службовага сабакі, які свой катушок усё ж мае”,– заўважае былы ваеннаслужачы брыгады спэцназу Павал Граблюк. Ці тыповы ягоны прыклад?

Сьведка, які шмат разоў бываў у частцы 3214, распавёў пра тое, што аднойчы там ўбачыў. Нібыта маладога салдата закапалі па шыю ў зямлю іншыя ваеннаслужачыя.

У закапанага па шыю салдата былі сьлёзы на вачах, але катаваньне не спынялася. Чым завершыўся гэты ўрок выхаваньня, сьведка ня ведае.

У лейтэнанта Аляксандры зь юрыдычнай службы брыгады я спытаўся, ці магчыма такое ў брыгадзе. Маладая жанчына абурылася і адназначна сказала “не”. А вось Іван Палунін, які служыў у брыгадзе, калі ёй ужо камандаваў Зьміцер Паўлічэнка, ня быў такім катэгарычным. Паводле былога спэцназаўца, афіцэры часткі, ў тым ліку Зьміцер Паўлічэнка, спрабуюць змагацца зь дзедаўшчынай, але яна ўсё роўна існуе. І тлумачыцца гэта ня толькі жывучасьцю традыцыяў былога савецкага войска, але і асаблівасьцямі службы ў брыгадзе.

(Палунін: ) “Гэта брыгада адмысловага прызначэньня. Там выхоўваецца нянавісьць да любога чалавека з самага пачатку службы”.

Нагадаем, паводле шматлікіх крыніцаў, менавіта службоўцы гэтай брыгады пад непасрэдным кіраўніцтвам палкоўніка Паўлічэнкі мелі дачыненьне да захопу і фізычнага зьнішчэньня Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага. У 2000 годзе Зьміцер Паўлічэнка паводле гэтых абвінавачваньняў нават затрымліваўся сьледчымі, але быў адпушчаны на волю пасьля асабістага ўмяшаньня Аляксандра Лукашэнкі.

Пазьней Зьміцер Паўлючэнка і ягоныя падначаленыя з брыгады цалкам абвяргалі датычнасьць да зьнікненьняў апазыцыянэраў.
XS
SM
MD
LG