Лінкі ўнівэрсальнага доступу

АЎСТРЫЙСКАЯ “КОБРА” ВЫРАТАВАЛА 60 БЕЛАРУСКІХ ДЗЯЎЧАТ


Ул. інф.

У шэрагу ўплывовых выданьняў кшталту “Kurier” паведамленьні, зьвязаныя з гандлем людзьмі, надрукаваныя са спасылкай на кіраўніка фэдэральнай службы бясьпекі краіны Алоіса Лісьля. Але ў самім ведамстве гэтую справу камэнтаваць адмовіліся. Толькі паведамілі, што ў інтарэсах сьледзтва, ўся інфармацыя падаецца толькі ў часе адмысловых прэсавых канфэрэнцыяў. Што да самай апошняй прэсавай канфэрэнцыі з удзелам Алоіса Лісьля, то, паводле шэрагу выданьняў, кіраўнік службы бясьпекі зазначыў наступнае: гандаль беларускімі жанчынамі ў Аўстрыі прадуманы да дробязяў.

Пасярэднікі зь Беларусі адшуквалі ў гэтае краіне найбольш прывабных і камунікабэльных дзяўчат, зь нямецкай мовай, ва ўзросьце ад 21 да 25 год і абяцалі ім вельмі папулярную сярод моладзі працу Au-Pair альбо прыбіральшчыц, нянек у Заходняй Эўропе. Тое, што ў выніку прыйдзецца займацца прастытуцыяй, не здагадваўся ніхто. Дзяўчаты спакойна афармлялі візы ў нямецкай амбасадзе ў Менску. Шлях у Аўстрыю пралягаў праз Бэрлін.

У аэрапорце ў Вене беларусак сустракалі іншыя пасярэднікі і ўжо адтуль дастаўлялі дзяўчат у дарагі бардэль у Гросраўме, непадалёк ад Лінца.

Як паведаміў журналістам Алоіс Лісьль, у аўстрыйскіх сьледчых ужо раней былі падазрэньні адносна дзейнасьці аднаго пасярэдніцкага бюро. Сёньня, дзякуючы супрацоўніцтву аўстрыйскіх сьледчых з калегамі зь беларускага крымінальнага вышуку, сталі вядомымі і іншыя дэталі справы.

Уладальнікамі бардэлю у Гросраўме ля Лінцу зьяўлялася аўстрыйская сямейная пара, якая мела цесныя дачыненьні з пэўнымі крымінальнымі коламі ў Беларусі. Паводле Алоіса Лісьля, дзяўчаты знаходзіліся пад пастаянным псыхічным ціскам. Кожная зь іх мела мабільны тэлефон і мусіла адказваць на пастаянныя званкі кліентаў альбо гэтак званай назіральніцы, таксама беларускі, якая мела мянушку Піт-Буль.

Жанчына пастаянна пільнавала дзяўчат, а таксама сачыла за тымі грашыма, якія яны зараблялі. Звычайна большую частку грошай забіралі арганізатары бізнэсу. Акрамя таго, зь дзяўчатаў спаганялі ў некалькі разоў больш высокую плату за кватэру. Існавала таксама сыстэма жорсткіх штрафных грашовых санкцыяў.

Днямі пасьля пасьпяхова праведзенай сумеснай апэрацыі з удзелам супрацоўнікаў аўстрыйскай арганізацыі па барацьбе з тэрарызмам “Кобра”, сьледчых фэдэральнага крымінальнага ведамства ў Вене, удалося вызваліць 60 беларускіх дзяўчат, а таксама арыштаваць уладальнікаў бардэлю і назіральніцу Піт-Буль.

Яе суайчыньніца, якая таксама мае дачыненьне да гэтага крымінальнага бізнэсу, паводле аўстрыйскага сьледзтва, хаваецца ў Нямеччыне. Як заявіў Алоісь Лісьль, апэрацыя працягваецца. Ня выключана, што ў блізкім часе адбудуцца новыя арышты.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG